Сабянін прадказаў крах Расіі
6- 5.08.2026, 15:38
- 4,968
У выпадку пераходу да «ваеннай эканомікі».
Пераход расійскай эканомікі на ваенныя рэйкі будзе роўназначны «забойству» краіны, — заявіў у інтэрв'ю ТАСС у сераду мэр Масквы Сяргей Сабянін.
Паводле яго слоў, прапановы аб увядзенні «ваеннай эканомікі», якія гучаць ужо некалькі гадоў, а напярэдадні былі зноў агучаныя дэпутатам Дзярждумы Андрэем Калеснікам, з'яўляюцца «нікчэмнымі».
«Калі не будзе самой эканомікі мірнага жыцця, не будзе падаткаў, не будзе даходаў насельніцтва, палітычная сітуацыя будзе зусім іншая, то і мы не дасягнем поспеху ў вайне. А забіць жыццё, забіць нармальную эканоміку — гэта ўвогуле забіць краіну. Таму гэта такія непатрэбныя, нікчэмныя размовы, якія вядуць людзі, якія ў гэтым не разбіраюцца, як вядзецца сучасная эканоміка, сучасная вайна», — сказаў Сабянін.
Чуткі пра магчымы пераход да мабілізацыйнай эканомікі з увядзеннем дадатковых абмежаванняў для грамадзян і бізнесу зноў узмацніліся вясной, калі раптоўна з публічнай прасторы знікла кіраўніца ЦБ РФ Эльвіра Набіуліна, піша The Moscow Times.
Яна прапусціла Пецярбургскі міжнародны эканамічны форум і, як сцвярджалі крыніцы «МО», прапанавала сысці ў адстаўку з-за нібыта наяўных планаў увесці ў краіне ваеннае становішча, закрыць межы і ўзмацніць дзяржаўны кантроль над эканомікай.
Тады ж з'явіліся чуткі пра адстаўку прэм'ера Міхаіла Мішусціна, што стала прамым адлюстраваннем «нервовасці эліт вакол стану эканомікі», — пісаў палітолаг Ілля Грашчанкоў: узнік страх перад зменай урада з мандатам на новую эканамічную сістэму — умоўны Дзяржплан, эканоміку ваеннага заказу, ручное размеркаванне рэсурсаў і прыярытэт прамысловай мабілізацыі.
Пры гэтым эканамічная мабілізацыя можа суправаджацца ваеннай — то бок аднаўленнем прымусовага прызыву расіян на фронт, пісалі эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW) і Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў (IISS). Пра магчымую мабілізацыю восенню, пасля думскіх выбараў, паведамлялі крыніцы The Washington Post і The Wall Street Journal сярод еўрапейскіх і амерыканскіх чыноўнікаў, а таксама суразмоўцы «Важных историй» і «Верстки», блізкія да буйных кампаній і кіраўніцтва рэгіёнаў.