«20 хвілін разборак»
2- 6.08.2026, 21:10
- 1,342
У мінскім кінатэатры ўчынілі скандал з-за адмовы пусціць малога на фільм 16+.
У Threads абмяркоўваюць пару з Мінска, якая прыйшла з маленькім дзіцем на трохгадзінны паказ фільма «Адысэя» з узроставым абмежаваннем 16+. Супрацоўніца кінатэатра адмовілася прапускаць сям’ю, аднак пасля працяглай спрэчкі і ўмяшання адміністратара бацькі ўсё ж трапілі ў залу разам з малым.
Інцыдэнт адбыўся ў адным з мінскіх кінатэатраў Mooon, дзе паказвалі «Адысэю» Крыстафера Налана, піша «Зеркало».
«На фільм „Адысэя“ не пускалі пару з дзіцем. Тлумачылі, што існуюць узроставыя абмежаванні 18+ (насамрэч рэйтынг фільма — 16+. — Заўв. рэд.). Бацька дзіцяці жорстка „наехаў“ на дзяўчыну, якая стаяла на кантролі ў залу. Прыйшоў адміністратар і прапусціў. 20 хвілін разборак», — расказала карыстальніца Threads.

Пры гэтым, паводле яе слоў, іншаму мужчыну, які прыйшоў на той самы сеанс з дзесяцігадовым сынам, прайсці не дазволілі.
Большасць каментатараў раскрытыкавала як бацькоў, так і адміністратара кінатэатра, які прапусціў на сеанс дзіця. Людзі адзначалі, што гэта можа быць шкодна для самога малога, а некаторыя прапаноўвалі ў такіх выпадках тэлефанаваць у міліцыю:
«Дзяўчыне, якая не пустіла, — прэмію. Адміністратара, які прапусціў, — пазбавіць прэміі і таксама аддаць яе дзяўчыне. Закон ёсць закон. А не так, што я прыйду, паскандалю — і мне цяпер можна ўсё. Гэта не тая сітуацыя, дзе можна паступіцца правіламі».
«Тут пытанні не толькі да работнікаў, але і да бацькоў… Цягнуць такое дзіця на фільм у тры гадзіны — гэта ж трэба дадумацца…»
«Калі ў адрас дзяўчыны былі абразы або пагрозы, трэба выклікаць міліцыю. У гандлёвым цэнтры яны праз тры хвіліны будуць на месцы».
«Яшчэ пытанне, наколькі гэты глядач быў карэктны з супрацоўніцай кінатэатра. Калі „наехаў“, то гэта ўвогуле „адміністратыўка“. А наогул сітуацыя вельмі гендарна паказальная: з дзяўчынай не выйшла, адміністратар-мужчына ўсё вырашыў (пайшоў насустрач мужчыне). Фу! Вельмі дрэнна».
«Паход з немаўлём у звычайны кінатэатр катэгарычна не рэкамендуецца, бо гэта можа нанесці сур’ёзную шкоду фізічнаму і псіхічнаму здароўю дзіцяці. Асноўныя фактары рызыкі. Пашкоджанне слыху: узровень гуку ў кінатэатрах часта перавышае 85–100 дБ. У немаўлятаў слыхавыя праходы вузейшыя і больш адчувальныя, чым у дарослых. Такі шум можа выклікаць незваротную траўму органаў слыху. Зрокавая перагрузка: экран занадта вялікі, яркі і мігаючы».
«Я супраць пазіцыі „чаму я павінен знаходзіцца побач з крычлівым дзіцем“ як такой, бо яе прымяняюць і да паркаў, і да кавярняў, і да грамадскага транспарту. Але менавіта ў гэтай сітуацыі ніяк не выходзіць быць на баку бацькоў, таму што кінатэатр у першую чаргу шкодны самому дзіцяці, там вельмі шумна».
«Там такі гучны гук, што шкада, не было берушы пры сабе. Я скруціла сурвэткі і засунула ў вушы, каб не аглухнуць. Бацькі, якія цягнуць дзіця на фільм, а адміністратар, які пускае, заслугоўваюць як мінімум асветніцкай гутаркі. Правілы +18 проста існуюць».
«Мы таксама нядаўна хацелі схадзіць з нашым двухгадовым дзіцем на мультфільм. Але ўбачылі ўзроставыя абмежаванні 14+ і адразу перадумалі. Думаю, такія абмежаванні ставяць не проста так. Да таго ж у такім узросце самому дзіцяці цяжка спакойна праседзець амаль дзве гадзіны ў кінатэатры».
Праўда, некаторыя паставіліся да сітуацыі менш катэгарычна:
«Пытанне з узроставымі абмежаваннямі неадназначнае: цягнуць маленькае дзіця не на мульцік — не нармальна. Але!!! Просты прыклад — „Чалавек-павук“. 16+?! Што??? Мы ўсе глядзелі яго з дзяцінства».
«Што вы ўсе такія злыя?! Але галоўнае, каб не рэў увесь фільм. Шкада, вядома, калі няма бабуль і дзядуляў, на каго можна часова пакінуць дзіця…»
«Хіба ў прысутнасці законных прадстаўнікоў на маркіроўку не закрываюць вочы? Калі бацькі прынялі рашэнне, што гэты матэрыял не акажа згубнага ўплыву на дзіця».
У каментарыях да паста з’явіўся адказ кінатэатра Mooon. Там пацвердзілі, што ўзроставыя абмежаванні павінны выконвацца для ўсіх наведвальнікаў, і паабяцалі разабрацца ў сітуацыі.
«Вы маеце рацыю: калі для фільма ўсталяваны рэйтынг 16+, гледачы маладзейшыя за 16 гадоў не могуць быць дапушчаныя ў залу. Гэтае правіла павінна выконвацца для ўсіх гасцей. Мы не будзем каментаваць дэталі па канкрэтных гасцях у публічным полі, але абавязкова праверым сітуацыю з камандай: чаму ўзнікла такая працяглая разборка ля ўваходу ў залу і на якой падставе было прынята рашэнне аб допуску.
Дзякуй, што звярнулі на гэта ўвагу. Такія сітуацыі не павінны вырашацца „па настроі“: правілы адзіныя для ўсіх», — заявілі ў кінатэатры.