Па «справе ЕГУ» зафіксаваныя 183 факты пераследу
1- 6.08.2026, 20:49
- 1,858
Сваякам студэнтаў даюць «суткі».
Праваабаронцы зафіксавалі 183 факты пераследу студэнтаў, былых навучэнцаў і іх сваякоў па «справе ЕГУ». Пра гэта паведаміла «Вясна».
«156 з іх адбыліся ў Беларусі. Некалькі сваякоў студэнтаў былі асуджаныя па адміністрацыйных справах і атрымалі па 15 сутак адміністрацыйнага арышту», — адзначылі праваабаронцы.
У сярэдзіне красавіка 2026 года Вярхоўны суд Беларусі прызнаў ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй» і забараніў яго дзейнасць на тэрыторыі краіны. У самай установе гэтае рашэнне назвалі незаконным і падкрэслілі, што яно не мае юрыдычнай сілы ў межах літоўскага і міжнароднага права.
У пракуратуры заяўлялі, што за навучанне, працу або фінансавыя аперацыі, звязаныя з ЕГУ, можа пагражаць крымінальная адказнасць. Згодна з афіцыйнымі тлумачэннямі, аплата навучання або ахвяраванні могуць быць расцэнены як «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці», за што прадугледжана да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Пасля прызнання Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) «экстрэмісцкай арганізацыяй» сілавікі пачалі масавыя вобшукі ў студэнтаў, выпускнікоў і іх сваякоў. Прычынай для крымінальнай справы стала нават аплата навучання ў ЕГУ, пачынаючы з 2016 года, паведамляў праваабарончы цэнтр «Вясна».