Прыпяць ператварылася ў «пляж»
3- 7.08.2026, 13:12
- 1,752
Экалогі патлумачылі, чаму рэкі на Палессі так моцна абмялелі.
На Прыпяці праз нізкі ўзровень вады агаліліся шырокія палосы пяску — незвычайныя кадры паказалі ў Threads. Экалогі тлумачаць абмяленне рэк у Брэсцкай вобласці дэфіцытам ападкаў, які цягнецца ўжо трэці год, — у гэтага з’явішча ёсць свае рызыкі, піша «Зеркало».
Карыстальнік Threads выклаў некалькі відэа з Прыпяці, дзе бачна, што вада прыкметна адступіла ад берагавой лініі, пакінуўшы абшырныя пясчаныя мелякі.
«Палескія медытатыўныя замалёўкі. Катастрафічна нізкі ўзровень вады ў палескіх рэках агаліў пляжы неверагоднай прыгажосці. Белы пясок, разагрэты пякучым сонцам, нічым не горшы за любы марскі, а вада такой жа тэмпературы, як у басейне», — напісаў аўтар.
У Брэсцкім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пацвердзілі БелТА, што ў Брэсцкай вобласці, як і па ўсёй краіне, фіксуецца зніжэнне ўзроўню вады ў вадаёмах. Тое, што адбываецца, звязана з прыроднымі фактарамі.
«Абмяленне з’яўляецца наступствам дэфіцыту ападкаў, які назіраецца трэці год запар. У асобных раёнах абмялелі не толькі рэкі і азёры, але і студні. Дэфіцыт назіраецца на працягу ўсяго 2026 года», — патлумачылі ў камітэце.
Небяспеку могуць уяўляць і моцныя зліўні ў летні перыяд: пры высокіх тэмпературах паветра перагрэтая вада з высокім утрыманнем арганічных рэчываў, залпава паступаючы ў вадаёмы з поймавых тэрыторый, можа выклікаць гібель рыбы.
Асабліва прыкметнае зніжэнне ўзроўню вады на рэках Прыпяць і Ясельда, буйных вадосховішчах, якія выкарыстоўваюцца для напаўнення рыбаводных сажалак рыбгасаў.
«На вадацёках, якія ўваходзяць у сістэму Дняпроўска-Бугскага воднага шляху, узровень вады падтрымліваецца штучна — з дапамогай шлюзаў, каб забяспечыць суднаходства. Аднак нават пры рэгуляванні праточнасць застаецца нізкай, што прыводзіць да заквітнення вады і актыўнага развіцця вадорасцей», — удакладнілі ў ведамстве.
Спецыялісты падкрэсліваюць: у складзеных умовах спробы паглыбіць сажалку або расчысьціць дно не вырашаць праблему — калі парушыць воданепранікальны пласт на дне вадаёма пры нізкім узроўні падземных вод, астатняя вада можа хутка сысці. Умяшанне можа толькі пагоршыць сітуацыю.
Тым часам людзі скардзяцца, што вада адступае ад берагоў, квітнее, а ў некаторых сажалках і студнях яе становіцца крытычна мала.
«Гэта не экалагічная катастрофа, а прыродны працэс, на які могуць паўплываць выключна пагодныя ўмовы. Аналагічная сітуацыя назіраецца ў многіх краінах Еўропы. Істотна прадухіліць абмяленне ва ўмовах дэфіцыту ападкаў немагчыма. Спецыялісты ажыццяўляюць маніторынг водных аб’ектаў, у разе неабходнасці прымаюць меры па прадухіленні заморных з’яў», — падсумавалі ў камітэце.