Суд ЗША спыніў будаўніцтва бальнай залы Трампа
4- 7.08.2026, 20:32
- 1,864
Прэзідэнту нагадалі, што «Белы дом — не ягоная ўласнасць».
Федэральны апеляцыйны суд Акругі Калумбія 7 жніўня падтрымаў рашэнне ніжэйстаячай інстанцыі, забараніўшы працягваць надземныя працы па ўзвядзенні бальнай залы ў Белым доме коштам 400 мільёнаў долараў. Рашэнне было прынята галасамі двух суддзяў супраць аднаго і пакідае ў сіле папярэднюю судовую забарону, вынесеную раней акруговым суддзём Рычардам Леонам, паведамляе Reuters.
Пазоў падала арганізацыя National Trust for Historic Preservation пасля таго, як адміністрацыя знесла гістарычнае Усходняе крыло і пачала будаўніцтва залы плошчай каля 8360 кв. метраў без згоды Кангрэса.
Суддзі падкрэслілі, што пытанне аб тым, ці будаваць маштабную бальную залу, павінен вырашаць Кангрэс, а не выканаўчая ўлада аднаасобна. Большасць калегіі таксама адзначыла, што амерыканская гісторыя не ведае выпадкаў, калі прэзідэнт самастойна, на прыватныя сродкі, зносіў бы значную частку Белага дома, пабудаваную з адабрэння Кангрэса і за грошы падаткаплатнікаў.
Суддзя Патрыцыя Мілетт і суддзя Брэдлі Гарсія, якія складалі большасць, нагадалі пра статус кіраўніка дзяржавы як часовага карыстальніка рэзідэнцыі, а не яе ўладальніка. Асобнае меркаванне выказала суддзя Неомі Рао, прызначаная Дональдам Трампам: яна палічыла, што ў істца няма права падаваць такі пазоў, і ўказала на рызыкі для бяспекі праз незавершаную будоўлю.
Юрыст Мінюста Якаў Рот на слуханнях 5 чэрвеня настойваў, што суды не маюць права ацэньваць прыватна фінансаваны праект, а знесенае крыло нібыта рабіла рэзідэнцыю ўразлівай. Гэтыя даводы суд не прыняў.
Рашэнне прыпынена на 14 дзён — гэтага часу адміністрацыі хопіць, каб звярнуцца ў Вярхоўны суд. Трамп ужо заявіў у сацсетках, што неадкладна падасць такую апеляцыю, назваўшы вердыкт «жудасным» і «палітычна матываваным», а будоўлю — пытаннем нацыянальнай бяспекі.
Ніжэй за ўзровень зямлі, уключаючы працы, звязаныя з бяспекай, будаўніцтва працягнецца — забарона датычыцца толькі надземнай часткі праекта.