Новы прыступ самадурства ў Лукашэнкі
1- Аляксандр Класкоўскі, «Позірк»
- 8.08.2026, 15:21
- 2,380
У прарыў ідуць штрафныя батальёны.
Дзіўная ідэя Аляксандра Лукашэнкі адпраўляць нярадзівых удзельнікаў жніва і чыноўнікаў у армію пачынае іграць новымі фарбамі. Кіраўнік заявіў, што з такога кантынгенту ўжо створаныя «дзве батальённыя тактычныя групы», і загадаў прымусіць іх працаваць на вёсцы.
«Бардак паўсюль. У вас кінутыя палі. Гэта жах», — распякаў Лукашэнка 7 жніўня кіраўніка Мінскай вобласці.
У гэтым кантэксце і прагучала: «Каго хочаце, прыцягвайце. Вазьміце дзве батальённыя тактычныя групы, якія стварылі з нярадзівых чыноўнікаў і спецыялістаў. Іх каля 500 чалавек, я іх называю дзве батальённыя тактычныя групы. Прымусіце іх тут працаваць».
Таварыш прапаршчык навучыць збіраць рэкордныя ўраджаі
Заўважым, што пяцьсот чалавек для дзвюх БТГ — малавата. Звычайна такое фармаванне налічвае ад 600 да тысячы вайскоўцаў.
Фактычна гэта батальён, які можа быць узмоцнены танкамі, сродкамі ППА, РЭБ і г.д. — у залежнасці ад пастаўленай задачы. У кожным выпадку такую баявую адзінку варта камплектаваць у патрэбных прапорцыях прадстаўнікамі розных вайсковых спецыяльнасцей, прыстасаваных да канкрэтнай місіі.
Зразумела, што тут і не пахне такім падборам. Заграбаюць па прынцыпе: хто праштрафіўся. Дык якая тут будзе баяздольнасць?
Дыскрэдытуецца сама ідэя ратнай службы. Па сутнасці, фармуюцца не БТГ, а штрафбаты.
Праўда, ад першапачатковага задуму накіроўваць такіх ваякаў на ўзмацненне спецназа на мяжы з Украінай кіраўнік, здаецца, ужо адышоў. «Прымусіце іх тут працаваць», — кажа ён, паказваючы на праблемныя месцы сельскагаспадарчай вытворчасці.
Інакш кажучы, лянівых калгаснікаў пасылаюць на… тыя ж калгасныя работы, толькі ўжо строем. У надзеі, што таварыш прапаршчык навучыць збіраць рэкордныя ўраджаі. А каб ніхто не дэзерціраваў, можна яшчэ ззаду заградатрады выстаўіць.
Кіраўнік настальгуе па савецкіх парадках і прыводзіць у прыклад Кітай
Падчас гэтай паездкі ў Вілейскі раён Лукашэнка чарговы раз панастальгаваў па савецкіх парадках.
Але ў часы позняга СССР такога валюнтарызму, мілітарызацыі працы ўжо не было. Можна ўспомніць хіба перыяд ваеннага камунізму, калі Лев Троцкі прасоўваў ідэю працоўных армій. Ды яшчэ змрочныя практыкі сталінскага ГУЛАГу.
Акрамя таго, Лукашэнка зноў апеляваў да кітайскага досведу. Што ж, у часы Мао Цзэдуна, які абвясціў «культурную рэвалюцыю», тамтэйшых студэнтаў, інтэлігенцыю і іншых надта граматных у выхаваўчых мэтах прымусова адпраўлялі на сельгасработы.
Але потым ад гэтых перагібаў адмовіліся. Кіраўніка Беларусі ў кітайскай мадэлі, падаецца, прываблівае партыйная дыктатура. Аднак пры палітычным дамінаванні кампартыя Кітая дае прастор рынкавай эканоміцы, канкурэнцыі, прыватнаму сектару.
Лукашэнка ж — адэпт ручнога кіравання, яму трэба асабіста праверыць санітарны стан кожнай каровы. І вельмі сумнеўна, што ён здольны на такую лібералізацыю эканомікі, як у КНР.
Пастка персаналісцкага рэжыму
З мілах сэрцу савецкіх парадкаў Лукашэнка вылучыў сістэму кіравання дзяржавай. «Не стае сур'ёзнай кадравай працы. Як бы я ні спрабаваў выбудаваць вертыкаль кіравання і іншае (гэта ўсё-такі выратаванне для краіны было і цяпер ёсць), але структуры не хапае», — паскардзіўся ён.
Здаецца, кіраўніку хочацца яшчэ больш кантролю над чыноўніцкім апаратам. У СССР над усімі сферамі дамінавала сістэма партыйных камітэтаў, якая муштравала выканаўчую ўладу, загадвала ёй.
Няўжо Лукашэнка хоча стварыць і ўзвысіць над сваёй цяперашняй вертыкаллю яшчэ адну вертыкаль — партыйную?
Але колькі ж кадраў і рэсурсаў спатрэбіцца! А галоўнае, партыйны аўтарытарызм — гэта іншы тып кіравання. І ў яго ёсць свае перавагі. Савецкі Саюз з кампартыяй на чале не развальваўся, калі адзін генсак змяняў другога (гарбачоўская перабудова — асобная тэма, тады сістэма была ўжо вельмі хворая).
А вось у Беларусі — ярка выяўлены персаналісцкі рэжым. Лукашэнку, верагодна, мучыть думка, што калі ўся канструкцыя ўлады завязаная на аднаго чалавека, то пасля яго сыходу яна можа хутка распасціся. Але і адмовіцца ад статусу самаўладцы — здаецца, вышэй за яго сілы.
Калі атрымала партыйны статус створаная на базе наменклатуры «Белая Русь», некаторыя каментатары паспяшылі назваць яе партыяй улады. Але мы ўбачылі, што Лукашэнка не хоча дзяліцца ўладай нават з гэтай выключна лаяльнай структурай.
Адсюль, верагодна, яго пакуты. З аднаго боку — настальгія па СССР, дзе ўсё ж такі больш-менш працавалі, асабліва пасля Сталіна, прынцыпы калектыўнага кіраўніцтва. З другога — боязь аслабіць, раздрабніць сваю асабістую ўладу, міжволі выкорміць канкурэнтаў.
Лепш абірацца, як таварыш Сі?
Гэтымі супярэчлівымі думкамі аўтакрата тлумачацца, напэўна, і яго манеўры вакол Усебеларускага народнага сходу.
Лукашэнка стварыў УНС як праобраз арбітра паміж галінамі ўлады. Але пакуль гэта сырая нарыхтоўка. Кіраўнік толкам не ведае, што з ёй рабіць, раз за разам папярэджвае дэлегатаў гэтай структуры, каб не лезлі, куды не трэба.
Магчыма, Лукашэнка трымае ў галаве ідэю выбараў прэзідэнта праз УНС. Ён ужо агучваў гэта публічна.
У гэтым кантэксце невыпадковая і апеляцыя да кітайскага досведу. Бо старшыню КНР абірае менавіта падобны міжсабойчык — Усекітайскі сход народных прадстаўнікоў.
Лагіку разваг Лукашэнкі можна зразумець. Нават калі ўсё схоплена, калі ЦВК кішэнны, з гадамі ўсё цяжэй вытрымліваць перадвыбарны марафон. Ды і для ўсёй сістэмы гэта напружанне. Народ запалоханы, але ненадзейны.
Нарэшце, калі рыхтаваць у пераемнікі малодшага сына Мікалая, дык, мабыць, прасцей правесці яго ў дамкі менавіта праз УНС.
Так, але дзе гарантыя, што гэты інстытут з патэнцыйна велізарнымі паўнамоцтвамі заўсёды будзе бязвольным, паслухмяным? А раптам у крытычны момант саспее змова эліт?
Усё гэта называецца прасцей: самадурства
Праўда, пакуль не відаць яўных сімптомаў, што Лукашэнка прыступае да транзіту ўлады. Дык што наперадзе, верагодна, яшчэ шмат эксперыментаў кшталту стварэння батальённых тактычных груп з рознага кшталту разгільдзяяў (ці проста тых, хто міжволі трапіў пад раздачу).
Так, тут можна ўгледзець і элементы трацкізму з ідэяй мілітарызацыі працы, і падабенства мааізму з перавыхаваннем праз накіраванне ўсялякіх чыстаплюяў у вёску, мясіць гной. І нават рэцыдыў прыгонніцтва, калі вінаватых халопаў забрывалі ў рэкруты.
Праўда, усё гэта можна назваць прасцей. Мы бачым прагрэсуючае самадурства заседжанага ва ўладзе аўтакрата, атачэнне якога не адважваецца сказаць ні слоўца супраць.
Аляксандр Класкоўскі, «Позірк»