Сёння яўрэі святкуюць надыход 5787-га года
- 11.09.2026, 21:45
Яўрэйскі каляндар вядзе летазлічэнне ад «стварэння свету».
Сёння з заходам сонца, з заканчэннем Элула, пачынаецца першы месяц наступнага, 5787-га яўрэйскага года — тышрэй.
Гэтым вечарам яўрэі пачынаюць адзначаць свята Рош га-Шана, якое працягнецца заўтра і паслязаўтра. Яўрэйскі месяцовы каляндар адлічваецца ад стварэння свету і з’яўлення Адама, гэта значыць ад шостага дня — завяршэння стварэння свету.
Гэтая дата мае багатыя і разнастайныя традыцыі — як рэлігійныя, так і побытавыя.
У сінагогах трубяць у рагі — шофары; да святочнай трапезы на стол падаюць круглую халу з разынкамі (сімвал паўнаты года), а таксама яблыкі з мёдам, каб надыходзячы год быў салодкі і шчаслівы.
Але яўрэйскі Новы год — не проста свята. Гэта дата з глыбокім філасофскім і рэлігійным зместам. Дзень глыбокага самааналізу, духоўнага пераасэнсавання і Божага суда, калі закладаецца будучы падмурак для чалавека на ўвесь наступны год.
У яўрэйскай традыцыі ў гэтыя дні адчыняюцца тры кнігі: бездакорных праведнікаў, абсалютных грэшнікаў і «звычайных людзей», якія «ў меру» грашаць, але і твораць добрыя справы, застаючыся ў адноснай «раўнавазе». Для трэціх канчатковы вердыкт на будучы год адкладаецца да Ём-Кіпура, каб пераважыць шалі ў лепшы бок.
У адрозненне ад звычайных святаў, Рош га-Шана доўжыцца роўна двое сутак, ад заходу да заходу сонца — гэта азначае, што нядзеля гэтым разам таксама выходны дзень.