Уладзімір Арлоў трапіў у фінал прэстыжнай польскай літаратурнай прэміі
1- 2.09.2026, 21:09
Беларускі пісьменнік увайшоў у лік фаварытаў з творам «Танцы над горадам. Тры гісторыі».
Беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў з творам «Танцы над горадам. Тры гісторыі» (у перакладзе Багдана Задуры) увайшоў у лік сямі фіналістаў Цэнтральнаеўрапейскай літаратурнай прэміі «Ангелус». Узнагароду штогод уручае Вроцлаўскі Дом Літаратуры за найлепшую кнігу прозы, напісаную па-польску або перакладзеную на польскую мову, піша Budzma.org.
Сёлета ў лік фіналістаў увайшлі:
Уладзімір Арлоў (Беларусь);
Сяргей Жадан (Украіна);
Георгі Гасподзінаў (Балгарыя);
Юлія Ілюха (Украіна);
Мілена Маркавіч (Сербія);
Катержына Тучкава (Чэхія);
Йоанна Чэчотт (Польшча).
«Я перакананы, што сярод цяперашніх намінантаў ёсць і будучыя лаўрэаты Нобелеўскай прэміі», — кажа старшыня журы прэміі Андрэй Хадановіч.
Урачыстае абвяшчэнне лаўрэатаў прэміі адбудзецца 17 кастрычніка ў Вроцлаве. Гэта будзе часткай фестывалю Бруна Шульца, падчас якога, між іншым, запланаваныя чытанні ўрыўкаў намінаваных твораў і дыскусія з удзелам перакладчыкаў і перакладчыц.
Пераможца атрымае ўзнагароду ў памеры 150 000 злотых (каля 40,6 тысячы долараў), і гэта робіць «Ангелус» найвышэйшай літаратурнай узнагародай, якая прысуджаецца ў Польшчы, у фінансавым плане. Акрамя таго, прэміі ў памеры 5 000 злотых (каля 1355 долараў) уручаюцца ўсім аўтарам, чые кнігі трапілі ў фінал.