ДАІ папярэдзіла кіроўцаў аб восеньскай небяспецы
- 21.09.2026, 4:56
І заклікала «выключыць гучную музыку» ў аўтамабілі.
З надыходам восені кіроўцам варта быць асабліва ўважлівымі: з-за паніжэння тэмпературы пачасціліся туманы, а бачнасць на дарозе часам скарачаецца да 100–500 метраў. У такіх умовах ДАІ рэкамендавала прыбраць усё, што можа адцягваць увагу ад дарогі, у тым ліку выключыць гучную музыку і не карыстацца гаджэтамі.
Пры руху ў тумане неабходна:
выбіраць хуткасць, якая дазволіць спыніць аўтамабіль у межах бачнасці (у моцным тумане яна можа складаць нават 20 км/г);
павялічыць дыстанцыю да іншых аўтамабіляў у паўтара–два разы;
уключыць блізкае святло і супрацьтуманныя фары;
не карыстацца далёкім святлом: яно адлюстроўваецца ад кропель вільгаці ў паветры і асляпляе кіроўцу;
пазбягаць рэзкіх тармажэнняў, перабудаванняў і абгонаў;
быць асабліва ўважлівымі пры праездзе пешаходных пераходаў і скрыжаванняў;
выключыць гучную музыку і не карыстацца гаджэтамі;
пры неабходнасці прыадкрыць акно, каб чуць іншыя аўтамабілі.
Калі туман настолькі шчыльны, што ехаць далей немагчыма, кіроўцу трэба ўключыць аварыйную светлавую сігналізацыю і на мінімальнай хуткасці пакінуць праезную частку. «Будзьце прадказальнымі: выкарыстоўвайце светлавыя і, у выпадку неабходнасці, гукавыя сігналы пры любых манеўрах», — заклікалі ў ДАІ.