25 апреля 2024, четверг, 20:21
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Хто затаіўся ў ценю саркафага?

1
Хто затаіўся ў ценю саркафага?

Неверагоднае здарэнне. 16 лістапада на Кастрычніцкую плошчу Мінску выйшлі пікетоўцы, а іх ніхто не разганяў. Даўно такога не было. За саркафагам, як заўсёды, спецназаўцы ў аўтобусах чакалі адпаведнай каманды.

Але яна ў той дзень не прагучала. Карнікі ў атаку не пайшлі.

Традыцыйны выбух азвярэння гэтым разам спыніла Еўропа. Дакладней, яе бюракраты. Так старанна і скрупулёзна яны разглядалі даўняе пытанне санкцыяў у дачыненні мінскіх чыноўнікаў, што рэжым палічыў за лепшае са сваёй звычайнай паліцэйшчынай не вытыркацца. Дэбілы ў чорным у той вечар рукам волю не далі. Змарнавалі час у засадзе. Але што ім тыя еўрадалікатнасці – рэванш возьмуць іншым разам.

Не выключана, што ініцыятары засады нават кусалі потым локці: чаму не аддалі загаду на разгон, парушылі традыцыю. На еўрозвязаўскі вердыкт некалькі хвілін спецназаўскага гвалту наўрад ці паўплывалі б. Ужо на наступны дзень стала відавочна, што ніякіх крэатыўных ідэй наконт далейшых стасункаў з адыёзным рэжымам Брусэль па-ранейшаму не мае. І ў бліжэйшы час нічога новага таксама не прадбачыцца.

А таму зноў даводзіцца прымаць рашэнне з катэгорыі “і вашым, і нашым”. І як можна ўвогуле гаварыць ўсур’ёз пра санкцыі ў дачыненні дзеючай улады, калі насамрэч размова ідзе толькі пра жменьку чыноўнікаў. А цэлыя пласты функцыянераў, рукамі якіх і творыцца дыктарскі здзек над народам, застаюцца па-за ўвагай і пачуваюць сябе як рыба ў вадзе. Ды і тыя, што патрапілі ў спіс, наконт візавых абмежаванняў не надта пераймаліся. Куды хацелі, туды і ехалі, знаходзячы розныя дзіркі ў сістэме даволі ўмоўных санкцый.

І цяпер, пасля прыняцця чарговага рашэння, нішто фактычна не змянілася. Санкцыі не адмянілі, але пакінулі ў замарожаным стане яшчэ на адзін год. Прэзідэнт Еўрапарламента Ежы Бузэк выказаў агульнае расчараванне паводзінамі мінскага рэжыму: “Нас вельмі непакоіць, што няма выразнай дэмакратызацыі”. Таму тэрмін далучэння дыктатуры да еўрапейскіх каштоўнасцяў падоўжаны яшчэ на дванаццаць месяцаў.

За амаль шаснаццаць год яна чхаць на іх хацела, а цяпер вось, бачыце, апамятаецца. І тады ў наступным лістападзе правіцеля можна будзе павіншаваць з поўным далучэннем. Зняць “санкцыі” і пакінуць пры пасадзе да скону дзён. А як жа інакш – дэмакрат! “Усенародна” абраны. І канчаткова “далучаны”.

Славуты Шліман так старанна не шукаў міфічнае золата Троі, як еўразвязаўскае чынавенства выяўляла сёлета хоць нейкія прыкметы дэмакратызацыі ў Беларусі. Але немагчыма знайсці тое, чаго не можа быць. Палітычны Маўглі з савецка-сталінскіх джунгляў на мове цывілізаванай Еўропы не загаворыць ніколі. І памылковасць стратэгіі паступовага перавыхавання дзікай дыктатуры Брусэлю рана ці позна давядзецца прызнаць. Новы тэрмін у дванаццаць месяцаў нічога не дасць. Толькі расчараванне, выказанае зараз, будзе яшчэ больш глыбокім.

Але ж якія дзіўныя там робяцца высновы наконт непазбежнай педагагічнай няўдачы. Ежы Бузэк дакладна акрэсліў пазіцыю Еўропы ў дачыненні да будучых стасункаў з яе непаслухмяным выхаванцам. “Калі пасля дванаццаці месяцаў мы не заўважым канкрэтнага прагрэсу на шляху да дэмакратызацыі, тады працэс збліжэння Еўразвязу і Беларусі неабходна спыніць”.

Надзвычай цікавая ідэя. Толькі з якой гэта нагоды пастаўлены знак роўнасці паміж недарэчнай дыктатурай і Краінай Беларусь? Хіба не той жа Еўразвяз пасля 1994 года ні адны выбары, праведзеныя тут пад кантролем вертыкалі, не прызнаў легітымнымі? Дык якія ж ёсць падставы так неабачліва перабольшваць ролю мясцовай хунты? Дыктатура – гэта дыктатура. А Беларусь – гэта Беларусь. І не заўважыць паміж імі розніцы – недаравальная памылка.

Аднак зрухаў з выбарам партнёраў пакуль што не прадбачыцца. Па-ранейшаму ўсе заходнія інтарэсы скіраваныя тут на адну асобу. Яшчэ цэлы год днём з агнём будзе доўжыцца безнадзейны пошук доказаў ліберальнай трансфармацыі апошняй у Еўропе дыктатуры. Але ўсе намаганні марныя – з тупіка нікуды нельга выйсці. Мяняць старыя звычкі дзеля адмены нейкіх санкцый улада не збіраецца. І тое, што ў адзін восеньскі вечар на сталічнай плошчы не адбыўся гвалт, ні пра што не сведчыць. У ценю саркафага па-ранейшаму тоіцца засада.

І гэта праблема не толькі тых, хто стаіць на плошчы, баронячы гонар краіны і тыя самыя еўрапейскія каштоўнасьці, да якіх Брусель так настойліва імкнецца далучыць правіцеля. Гвалт і здзек над людзьмі, над іх правамі і дэмакратычнымі перакананнямі адбываецца не дзе-небудзь на іншай планеце, а ў цэнтры цывілізаванай Еўропы. Пры яе падтрымцы. З яе маўклівай згоды.

Няўжо патрэбны яшчэ дванаццаць месяцаў, каб гэта зразумець?

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях