19 апреля 2024, пятница, 18:49
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Інтэграцыйная хімера ў юбілейным вымярэнні

8
Інтэграцыйная хімера ў юбілейным вымярэнні

За пятнаццаць гадоў сваёй улады лабіст расійскіх інтарэсаў дамогся такога ўзроўню русіфікацыі Беларусі, які не сніўся нават Мураўёву.

З нагоды першага дзесяцігоддзя саюзнай дзяржавы грунтоўнае сацыялагічнае даследаванне правялі ў Расіі. Высветлілася, што там прыхільнікаў адзінага рубля ды роўных цэн на газ і нафту для партнераў усяго толькі траціна. У Беларусі нават па афіцыйных звестках ідэю дзіўнай той дзяржавы падтрымлівае хіба што пятая частка з усіх апытаных.

Аднак высокае кіраўніцтва там і тут гэтая акалічнасць ніякім чынам не хвалюе. І нават не цікавіць. З новай сілай грукоча інтэграцыйны барабан. І правіцель мінскі настойліва даводзіць малаверам: “Это не химера, а реальное и наиболее продвинутое государственное формирование на постсоветском пространстве”. Самае цікавае ў ягоным палымяным выказванні хіба што слова “хімера”.

Зноў яны сустрэліся ў Маскве. Нібы ў той час, калі яшчэ толькі падпісвалі дамову аб саюзе Беларусі і Расіі. У выніку неверагоднага ўсплёску агульнаславянскіх пачуццяў ды пад крыштальны звон келіхаў, якія білі аб паркет, нарадзіўся потым дзіўны байстручок. Імя ў тым шалёным тлуме немаўляці далі недарэчнае – Саюзная Дзяржава.

Ніхто, вядома, гэта палітычнае непаразуменне не прызнаў. Дзяржава – тэрмін пэўны. Мае канкрэтныя параметры. Вызначаныя чалавецтвам цягам тысячагоддзяў. А тут – што?.. Аднак адсутнасць міжнароднага прызнання ні ў Маскве, ні ў Мінску нікога асабліва і не засмучала. Іншыя мэты ставілі стваральнікі.

Падпісваючы тую незабыўную дамову, кожны з іх вёў сваю гульню. Пераважна мечанымі картамі. Ельцын вырашаў зусім канкрэтную стратэгічную задачу. У выніку распаду савецкай імперыі Расія страціла найкарацейшы шлях да Еўразвязу. Далучаючы да Расіі Беларусь, ён меркаваў таксама і кінуць костку свайму злоснаму электарату, які не мог дараваць яму развал Савецкага Саюза. А правіцель тэрыторыі патэнцыйнага расійскага рэваншу тым самым атрымліваў надзейны пропуск у Крэмль. На самую высокую пасаду. Нават кінуў нецярпліва ў бок свайго канкурэнта: яму восемдзесят, а мне сорак! Аднак стары сыходзіць чамусьці не спяшаўся.

А той жаданы пропуск, як высветлілася ў хуткім часе, быў несапраўдны. У Крэмль не пусцілі. Ды яшчэ пакрыўдзілі за празмернае нахабства. Трэба было неяк выкручвацца з прыкрай сітуацыі. І тады падручная прапаганда распачала неверагодную кампанію па стварэнні інтэграцыйнай міталогіі. Інтэграцыя – не ідэя чынавенства. Гэта воля народаў, якія хочуць жыць разам. Да таго ж Расія, падпісаўшы дамову, моцна прайграла, а Беларусь атрымала неверагодныя прэферэнцыі. І мы жывём шчасліва за кошт Расіі. За што народ бязмежна ўдзячны свайму хітраму і дальнабачнаму правіцелю. Нездарма ж адзін часопіс напярэдадні юбілею нават назваў яго хітруном года. І хто гэта крычаў, што саюзная дзяржава – нейкая хімера? Яна жыве і перамагае.

Сапраўды, жыве. Насуперак меркаванню цынікаў і скептыкаў, якія спяшаліся хімеру пахаваць ці не пасля кожнай сваркі яе эмацыйных стваральнікаў. Не паспелі агледзецца, а інтэграцыйнаму дзіцяці ўжо дзесяць гадкоў. Расце паціху. Валодае ўласным бюджэтам. І ўжо нават выразна вымаўляе слова “тата”. Дакладней, “бацька”. І сваім мурзатым пальчыкам паказвае то на правіцеля заходняй часткі новастворанай дзяржавы, то на прэзідэнта Мядзведзева. Чым злуе абодвух. Але жыве!

І на юбілей самы горды з інтэгратараў едзе не абы куды, а менавіта ў Маскву. Крыўдзіцца, што юбілей перанеслі на два дні дні. Але ўсё роўна едзе, нібы колішні савецкі сакратар ЦК – усё ў тую ж Маскву. Прасіць і прыніжацца. А куды падзенешся, там жа паседжанне вышэйшай дзяржрады той самай саюзнай дзяржавы. Там на парадку дня ажно семнаццаць пытанняў! І не мае ніякага значэння, што яны там абмяркоўваюць – дэкларацыю аб юбілеі, наступствы эканамічнага крызісу, перспектывы мытнага саюзу, гандаль нафтай або штосьці надзвычай хітрае, сарамліва названае “навукова-тэхнічным супрацоўніцтвам”. Яны заўсёды і паўсюдна абмяркоўваюць акалічнасці даўняга бартэру: дробныя эканамічныя саступкі ў абмен на расійскую прысутнасць у Беларусі. Гэтыя праявы маскоўскай дабрачыннасці ды іншыя трафеі, узятыя рэжымам у выніку незразумелай валтузні на заходнім напрамку, добра вядомыя ўсім.

А цяпер прыгадаем хаця б некаторыя са здабыткаў тых, каго правіцель у выніку сваёй палітыкі збліжэння нібыта абхітрыў. На заходнім накірунку Расія мае выдатны транзітны калідор. Яна фактычна выйшла на межы Еўразвязу. Дыктуе тут свае мытныя ўмовы. Мае свае стратэгічныя вайсковыя базы. Беларускія ўзброеныя сілы сталі складовай часткай адзінай з расійцамі вайсковай групоўкі. Створана агульная сістэма паветранай абароны, якой насамрэч камандуе зразумела хто. Беларусь, не маючы нават прывідных пагроз з Захаду, уступіла ў АДКБ, падпісала дамову аб стварэнні супольных сілаў хуткага рэагавання. Цяпер Расія мае юрыдычныя падставы ўводзіць свае спецчасткі на тэрыторыю Беларусі. Вось такі зусім няпоўны спіс расійскіх прэферэнцый.

Але і гэта яшчэ не ўсё. За пятнаццаць гадоў сваёй ўлады лабіст расійскіх інтарэсаў дамогся такога ўзроўню русіфікацыі Беларусі, які не сніўся нават Мураўёву. Мова, культура, адукацыя ператвараюцца ў імперскі сурагат. Краіна няўхільна набывае рысы расійскай правінцыі.

І гэта усё – за пастаўкі газу па коштах, ніжэйшых за тыя, што ў нашых суседзяў?.. Ніхто ў свеце за паліва столькі не плаціў. Ды за гэткія вынікі нават на местачковым рынку гандляра пагналі б у каршэнь. А тут нічога – кіруе. І чым ён можа адказаць на імперскі націск? Хіба што вось гэтым: “Мы хотим, чтобы наш старший брат-россиянин относился к нам как младшему брату. Где-то пожурил, но никогда не бросал, никогда не обижал, никогда не наклонял”.

Няйначай гэты плач у Маскве пачулі. Юбілейныя перамовы галоўных інтэгратараў прайшлі даволі паспяхова. Замест запланаванай гадзіны размова за зачыненымі дзвярыма доўжылася амаль пяць гадзін. Невядома, ці “наклонял” гэтым разам старэйшы брат малодшага. Але сказанае Мядзведзевым пасля тых перамоваў наводзіць на адпаведныя думкі. Ён запэўніў, што вялікія зрухі адбудуцца ў знешняй палітыцы: “В этой сфере, как, может быть, нигде, у нас будет наиболее высокая степень интеграции”. А яшчэ паабяцаў падтрымліваць беларускую эканоміку. Гэткія падарункі “за так” не раздаюць нават на Каляды. Падобна на тое, што хітрыкі гэтым разам не прайшлі. Расія выдатна скарыстала крызісныя цяжкасці рэжыму. Беларусь страціла яшчэ частку сваёй незалежнасці. Якіх памераў гэта частка, мы даведаемся найбліжэйшым часам. На наступным тыдні “браты” сустракаюцца зноў.

Мяркуючы па выніках сустрэчы, Масква на наступных прэзідэнцкіх выбарах ставіць на іншага не збіраецца. Нездарма ж так своечасова было сказана: “Мы абсолютно один народ”.

Пачулі. Ацанілі.

Написать комментарий 8

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях