3 декабря 2024, вторник, 21:20
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

DZIECIUKI: Панкі, натхнёныя Каліноўскім

6
DZIECIUKI: Панкі, натхнёныя Каліноўскім

На песьні іх натхняе Кастусь Каліноўскі і яны хочуць данесьці да сваёй аўдыторыі тое, пра што не распавядаюць у школе.

Сайт charter97.org сустрэўся з музыкамі з гурта DZIECIUKI у перапынку між іх гастролямі па Польшчы і Беларусі. Новая гарадзенская панк-фармацыя карыстаецца немалым попытам. Толькі што яны прыехалі з Варшавы, да гэтага гралі ў Катовіцах, Любліне, Бельхатуве, Аполе і Сувалках. На Радзіме музыкі выступаюць радзей. Да іх, як да “ідэалягічна неблаганадзейных” асаблівая ўвага.

DZIECIUKI ўжо ўвайшлі ў гісторыю беларускага року, як гурт, першы канцэрт якога апынуўся пад забаронай. Тым ня менш зараз  музыкі рыхтуюцца да шэрагу выступаў у Беларусі: Менск, Горадня, Баранавічы. Ад частых канцэртаў хлопцы не выглядаюць стомленымі, але ўсё адно абмяркоўваюць пытаньне наконт таго, каб часова згарнуць канцэртную дзейнасьць. Неабходна заняцца ўшчыльнай працай у студыі, каб выдаць дэбютны дыск. Яны ўжо абвесьцілі ў сваёй суполцы, што 2 лютага даюць свой апошні канцэрт у 2013 годзе. Але не факт, што гэта будзе так: DZIECIUKI заўжды з ахвотай прымаюць прапановы выступіць і гатовыя ехаць хоць на край сьвета.

Гарадзенцы граюць панк-рок з выкарыстаньнем дуды і флейты. Тэксты – выключна па-беларуску і выключна на гістарычную тэматыку. На сваіх канцэртах яны распавядаюць неабазнаным пра Каліноўскага і Булак-Балаховіча ды выконваюць бадзёрыя песьні ў рытме ска-панку, пад якія людзі слэмяцца бяз стомы. Сьпяваюць у гурце два чалавекі – Паша Трабл і Алесь Дзянісаў, а ідэолягам каманды зьяўляецца гісторык Дзяніс Жыгавец, менавіта ён піша тэксты для ўсіх песень “Дзецюкоў”.

- Мы граем гарадзенскі панк-рок, з прыстаўкай нацыянальны. Вырашылі закласьці такую канцэпцыю і стварыць нацыянальны панк-рокавы гурт. “Нацыянальны” – гэта значыць ня толькі прыналежнасьць да нацыі. Мы імкнемся культываваць нашыя нацыянальныя каштоўнасьці праз панк-музыку. Вершамі нікога асабліва ня зьдзівіш, праз музыку куды больш рэальна данесьці свае ідэі.

- Але з чаго вы вырашылі, што можаце павучаць людзей?

- Мы адчуваем неабходнасьць данясеньня да маладога пакаленьня той інфармацыі, якую да іх не данясуць на ўроках гісторыі. У нас у гурце два гісторыкі з адукацыі, усе без выключэньня ўдзельнікі каманды цікавяцца гэтай тэматыкай. Мы жывем у Горадні – культурнай сталіцы краіны, якая мае сваю гістарычную школу, закладзеную Міхасём Ткачовым. Дык чаму б нам не выказацца з гэтай нагоды і не абудзіць у нашых слухачоў патрыятычныя пачуцьці, гонар за сябе і сваю радзіму? Ведаеце, у Беларусі хапае гуртоў, якія граюць панк-рок, але няма ніводнага, які б паклаў у аснову сваіх песень гераічны эпас. Мы вырашылі ўзяць гэтую справу ў свае рукі.

- Хто героі вашых песень?

- У беларускай гісторыі ёсьць багата яскравых асобаў. Усе ведаюць пра таго ж Каліноўскага, Булак-Балаховіча. Але застаюцца ў цені тыя людзі, якія былі зь імі, якія мелі гонар і шанавалі свабоду. Іх была неверагодная колькасьць. І пра іх мы пяем, ім прысьвячаем свае песьні і мы марым, каб сучасныя беларусы сталі такімі ж, якімі яны былі калісьці ў гісторыі. На сёньня большасьць беларусаў не цікавіцца сваёй гісторыяй. Папрацаваць і адпачыць – па такой завядзёнцы жывуць людзі. Мы хочам хоць трошкі памяняць такое становішча.

- Ня думаеце, што абраная стылістыка звужае вашу аўдыторыю?

- Мы граем для найбольш актыўнай аўдыторыі. Менавіта ім жыць далей і зьмяняць сытуацыю да лепшага. Менавіта яны могуць нешта зрабіць у будучыні. І калі наша музыка іх узрушыць да дзеяньня, значыць мы дасягнулі сваёй мэты. Заўважаем, што людзі актыўна цікавяцца нашай музыкай і чакаюць нас з канцэртамі. Значыць, не марную справу робім.

- Дзе можна знайсьці вашы запісы і дзе вас пачуць ужывую?

- Мы ўтварыліся толькі ў мінулым годзе, так што напрацавалі яшчэ небагата. Пакуль маем дэма-сынгл пад назвай “Гарадзенскі гармідар”, які можна паслухаць на нашай старонцы ў сеціве vk.com/dzieciuki. Там таксама можна дазнацца пра нашы бліжэйшыя выступы.  Рыхтуемся запісаць поўнавартасны альбом. Ужо гатовыя 10 кампазыцый, плянуем зрабіць яшчэ парачку. Запіс зьбіраемся пачаць у красавіку. Ёсьць таксама ідэі кліпаў.

- Якія вы бачыце пэрспектывы для сябе ў Беларусі?

- Цяжка сказаць з уліку таго, што першы ж наш канцэрт у Горадні, прысьвечаны памяці Кастуся Каліноўскага, быў забаронены. Чамусьці так сталася, што патрыятычныя аспэкты нашай гісторыі не ўхваляюцца дзяржавай. Таму на дзяржаўным узроўні мы выступаць ня зможам. І дзякуй богу. Ёсьць пазытыўны момант у тым, калі не даюць выступаць – больш часу тады застанецца на працу ў студыі.

- Ясна, што вам, як і кожнаму адэкватнаму беларусу шмат чаго не падабаецца з таго, што робіцца ў краіне. Таму лепш скажы, што вам падабаецца?

- Я сапраўды стаў заўважаць, што людзі пакрысе пачынаюць цікавіцца гісторыяй з таго боку, зь якога мы яе бачым. Беларусы прыходзяць да разуменьня таго, што яны мусяць мець сваіх герояў. Рух у гэтым кірунку ідзе, бо раней з гэтай нагоды адчувалася поўная абыякавасьць. А калі людзі паважаюць сваю мінуўшчыну, то яны паважаюць саміх сябе, а значыць будуць рабіць усё дзеля годнай будучыні, стануць больш актыўнымі. Зразумеюць, што ўсё залежыць ад іх саміх і перастануць слухаць дзядзьку ў тэлевізары.

- Ці няма ў вас засьцярогі ў сувязі з тым, што вы станеце проста нецікавымі, калі сытуацыя ў краіне зьменіцца?

- Праўда, мастак павінен быць галодным. І мне нават падабаецца, што ў Беларусі шмат чаго нельга. Напрыклад, чытаць пра саветызацыю Заходняй Беларусі ў часопісе Arche, які накрылі. Мне як творчаму чалавеку патрэбна падпітка і я яе атрымліваю напоўніцу ў гэтых умовах. Я цікаўлюся пэўнай тэмай, знаходжу інфармацыю пра яе і намагаюся данесьці яе да людзей. Канечне, хацелася б наадварот – каб проста песьні пісаліся не пад натхненьнем ад забароненай і непажаданай тэматыкі, а па пакліканьню душы. Але магчыма тады бы атрымаліся зусім іншыя песьні. Мяркую, калі ў Беларусі ўсё зьменіцца, зьменімся і мы. Будзем пець проста вясёлыя і лірычныя песьні пра кветкі, сонейка і добрае жыцьцё – чаму не?

Размаўляў Сяргей Будкін, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 6

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях