17 чэрвеня 2026, Серада, 11:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ААН: Беларусь – інвэстыцыйна непрывабная краіна

Новая справаздача Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў сьведчыць: інвэстыцыі ў пераходныя эканомікі краінаў Паўднёва-Ўсходняй Эўропы і СНД у 2006 годзе дасягнулі самага высокага ўзроўню. Паводле экспэртаў ААН, замежныя інвэстары ўклалі ў рэгіён 70 мільярдаў даляраў, ільвіную долю якіх атрымала Расея – 29 мільярдаў. Беларусь на гэтым фоне выглядае больш чым сьціпла – крыху болей за 300 мільёнаў даляраў.

Аналітыкі ААН адзначаюць: пяць краінаў – Расея, Румынія, Казахстан, Украіна і Баўгарыя – у 2006 годзе мелі 82 % міжнародных інвэстыцыяў.

Лідэрам тут Расея, якая атрымала 29 мільярдаў. На долю яшчэ адной постсавецкай краіны – Казахстану – прыйшлося 6 мільярдаў даляраў, што больш за палову ўсіх інвэстыцыяў у сярэднеазіяцкія дзяржавы (замежныя інвэстары кантралююць 48 % казаскай нафты і газу).

Павялічваюцца інвэстыцыі ва Ўкраіну: у 2006-м яны склалі 5 мільярдаў даляраў. Істотна вырас давер да эканомікі Азэрбайджану. Прычынаю – паляпшэньне інвэстыцыйнага клімату ў гэтай краіне і новыя праекты.

А вось Беларусь прамых інвэстыцыяў летась атрымала толькі 344 мільёны даляраў. Адзін з аўтараў справаздачы ААН Калман Калатай зьвяртае ўвагу, што Чэхія – краіна, параўнальная з гледзішча тэрыторыі і колькасьці насельніцтва зь Беларусьсю – атрымала інвэстыцыяў у 20 разоў болей.

Ніхто зь беларускіх дзяржаўных асобаў пакуль ня ўзяўся камэнтаваць гэтыя лічбы. Затое былы міністар эканомікі Беларусі Георгій Бадзей у інтэрвію “Радыё Свабода” кажа: “Напярэдадні нават па Беларускім тэлебачаньні перадавалі: Расея атрымала летась проста вялізныя інвэстыцыі, Украіна атрымлівае значныя інвэстыцыі. А што да Беларусі, то тэлеаналітыкі сказалі: краіне, маўляў, ніякія інвэстыцыі не патрэбныя. Прычынаў некалькі - папярэдне трэба ўсялякія рызыкі пралічваць дый ці здатная Беларусь гэтыя ўкладаньні выкарыстаць?”

Паводле Міністэрства статыстыкі і аналізу, асноўнымі прамымі інвэстарамі беларускай эканомікі ёсьць Швайцарыя, Расея, Польшча, Аўстрыя, Нідэрлянды, Латвія. Па словах намесьніка міністра эканомікі Алега Мельнікава, які днямі выступаў на міжнародным кангрэсе ацэншчыкаў СНД, у першым паўгодзьдзі прыток замежных інвэстыцыяў у Беларусь склаў 2 мільярды даляраў. Па выніках 2006-га гэты паказьнік быў на ўзроўні 4 мільярдаў даляраў.

Эканаміст Cяргей Балыкін камэнтуе «Радыё Свабода» такія значныя разыходжаньні ў афіцыйнай беларускай статыстыцы ды дадзеных ААН: “Магчыма, у Беларусі ёсьць нейкія іншыя крытэры для таго, каб ацэньваць гэтыя інвэстыцыі. Мабыць, за інвэстыцыі лічаць адлічэньні ў статутныя фонды, доўгатэрміновыя крэдыты. Але, насамрэч, хто ж у нашу краіну будзе ўкладаць грошы? Няма гарантыяў стабільнасьці заканадаўства дый ніхто не гарантуе, што наша ўлада гэтай уласнасьці не канфіскуе”.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках