29 сакавiка 2024, Пятніца, 7:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікіту Сасіма з турмы выклікалі ў ваенкамат

8
Мікіту Сасіма з турмы выклікалі ў ваенкамат

Моладзевага лідэра Мікіту Сасіма зноў збіраюцца прызваць на тэрміновую службу ў беларускае войска. У менскім спецпрыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна, дзе апазіцыянер адбываў арышт за падрыхтоўку Еўрапейскага Марша, яго наведалі прадстаўнікі баранавіцкага ваенкамата і супрацоўнікі КДБ.

«Падчас зняволення на Акрэсціна мяне выклікалі ў кабінет, дзе сядзеў прадстаўнік ваенкамата Баранавічаў (у гэтым горадзе я прапісаны), некалькі супрацоўнікаў КДБ і нейкі чалавек з відэакамерай. Прадстаўнік ваенкамата азнаёміў мяне з дакументам, у якім пералічаныя меры за парушэнне правіл воінскага ўліку. Сказалі, што я павінен прайсці медкамісію. Далі позву ў ваенкамат пад роспіс. Супрацоўнікі КДБ увесь гэты час пагрозліва маўчалі», – паведаміў Мікіта Сасім прэс-цэнтру Хартыі’97.

Пасля выхаду на свабоду (Самім адседзеў 5 сутак арышту за ўдзел у падрыхтоўцы Еўрапейскага Марша) апазіцыянер паехаў у Баранавічы – праходзіць медкамісію. Лекары ваенкамата, праверыўшы здароўе патэнцыйнага прызыўніка, прыйшлі да высновы, што яму неабходна прайсці дадатковае абследаванне ў мясцовай паліклініцы – дагэтуль адчуваюцца наступствы чэрапна-мазгавой траўмы, нанесенай Сасіму беларускімі амапаўцамі.

Нагадаем, што 16 верасня 2005 года міліцыя разагнала ў Менску акцыю ў памяць зніклых і адняла ў яе ўдзельнікаў партрэты зніклых палітыкаў і нацыянальныя сцягі. У той дзень моладзевы лідэр Мікіта Сасім падняў над галавой сваю джынсавую кашулю як сімвал супраціву дыктатуры. Жорстка збіты АМАПам ён патрапіў у шпіталь з страсаннем мозгу. 14 сакавіка 2006 года, незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў, Мікіту Сасіма арыштавалі. АМАП схапіў яго проста на вуліцы ў Менску.

У аддзяленні міліцыі Мікіту стала дрэнна, "хуткая дапамога" адвезла яго ў шпіталь, дзе яму тэрмінова прааперавалі апендыцыт. Аперацыя прайшла ўначы, а раніцай, закутага ў кайданкі моладзевага лідэра, прывезлі ў яго родны горад Баранавічы. У баранавіцкім шпіталі Мікіта ляжаў прыкаваным да ложка і пад аховай міліцыі. Праз тыдзень яго кінулі ў камеру следчага ізалятара. Высветлілася, што супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа "за ўхіленне ад воінскай службы". Пра збіццё АМАПам і страсанне мозгу ваенкамат вырашыў не ўспамінаць. 12 траўня 2006 года судом Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы Мікіта Самім быў прысуджаны да 3 месяцаў арышту.

«Пакуль на мне «вісела» судзімасць, мяне нельга было заклікаць у войска. Цяпер жа яны маюць намер абуць мяне ў боты ў што б тое ні стала. Відавочна, нашаму войску бракуе салдат, якія адседзелі ў турме за палітычную дзейнасць. Калі патраплю ў войска, абавязкова падзялюся досведам з іншымі байцамі», – адзначыў Мікіта Сасім у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97.

Відавочна, што ўлады маюць намер пазбавіць свабоды моладзевага лідэра. Гэтым разам праз службу ў войску…

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках