Дзярждэпартамэнт і Кангрэс ЗША крытыкуюць Лукашэнку за антысэміцкія выказваньні
3- 23.10.2007, 9:42
Адміністрацыя прэзыдэнта Буша прапанавала Аляксандру Лукашэнку адмовіцца ад антысэміцкіх выказваньняў. Паводле прадстаўнікоў Дзярждэпартамэнту ЗША, камэнтары беларускага прэзыдэнта, якія прагучалі ў часе сустрэчы з расейскімі журналістамі 12 кастрычніка, выклікаюць трывогу.
“Мы палічылі іх вельмі наступальнымі і заклікаем беларускага кіраўніка адмовіцца ад іх. Для ўсясьветных лідэраў характэрна змаганьне з антысэмітызмам, а не ўвекавечваньне гэтай зьявы”, – гаворыцца ў лісьце амэрыканскага Дзярждэпартамэнту.
Адпаведную заяву адносна антысэміцкіх выказваньняў Лукашэнкі рыхтуюць і прадстаўнікі Кангрэсу ЗША. Паводле кангрэсмэна- рэспубліканца Марка Кірка, “антысэміцкія дзеяньні ў Беларусі дасьледаваныя толькі спарадычна. Улады дазваляюць дзяржаўным прадпрыемствам свабодна друкаваць і распаўсюджваць антысэміцкія матэрыялы. Усё часьцей назіраюцца акты вандалізму ў дачыненьні да габрэйскіх помнікаў”. Як лічыць Марк Кірк, на тле гэтай атмасфэры антысэмітызму выказваньні беларускага кіраўніка выглядаюць вельмі небясьпечнымі, паведамляе “Радыё Свабода”.
Учора з крытыкай на адрас адпаведных заяваў беларускага кіраўніка выступілі Эўрапарлямэнт і Рада Эўропы. Гэтыя эўрапейскія арганізацыі раяць Аляксандру Лукашэнку папрасіць прабачэньня за свае “ганебныя словы”.