Зяленскі раскрыў падрабязнасці расійскай атакі на Лаўру
1- 15.06.2026, 14:09
- 2,454
Расійскія дроны ляцелі ў гэтую частку Кіева мэтава.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што расійскія агрэсары наўмысна запусцілі беспілотнікі па той частцы Кіева, дзе размешчаныя Кіева-Пячэрская лаўра і Мастацкі арсенал.
Пра гэта Зяленскі напісаў у Telegram у панядзелак, 15 чэрвеня.
«Пацверджана, што два расійскія дроны мэтава атакавалі тую частку горада, дзе размешчаныя Лаўра і Мастацкі арсенал», — адзначыў Зяленскі.
Таксама ён напісаў, што на дадзены момант вядома пра 35 пацярпелых у Кіеве. Усяго ва Украіне ў выніку масіраванага расійскага ўдару загінулі 11 чалавек, яшчэ 53 чалавекі пацярпелі.
Зяленскі адзначыў, што Украіна знаходзіцца «ў пастаяннай камунікацыі» наконт наступстваў расійскай атакі і неабходнага рэагавання.
«Важна, што лідары дзяржаў, грамадскія лідары, міжнародныя арганізацыі не маўчаць. Даручыў МЗС Украіны і ўсёй нашай дыпламатычнай камандзе максімальна актывізаваць сёння ўсе кантакты з партнёрамі, каб міжнародныя мерапрыемствы гэтага і наступнага тыдня далі рэальныя вынікі для ўзмацнення нашай абароны і глабальнага ціску на Расію за гэтую вайну. Патрэбны справядлівы адказ на гэты расійскі ўдар», — падкрэсліў Уладзімір Зяленскі.