Мінюсту давядзецца вывучыць беларускую мову
- 23.10.2007, 14:37
Вярхоўны суд Беларусі 23 кастрычніка абавязаў Міністэрства юстыцыі падаць дакументы па справе грамадскага праваабарончага аб'яднання "Вясна" на беларускай мове.
Высоўваючы хадайніцтва аб падаванні такіх дакументаў, адзін з заснавальнікаў "Вясны" Алесь Бяляцкі заявіў, што "не валодае ў дастатковай меры расейскай мовай". "Мы падавалі дакументы на рэгістрацыю руху на беларускай мове, аднак адказ атрымалі на расейскай. Мы лічым гэта абразлівым стаўленнем да беларускай мовы і да нас як яго носьбітаў. Мала таго, што Мінюст адмовіў нам у праве на асацыяцыю, так хоча адмовіць нам і ў праве на карыстанне роднай мовай", – адзначыў праваабаронца.
Пасля пяціхвіліннага перапынку суддзя Вярхоўнага суду задаволіла хадайніцтва заснавальнікаў "Вясны". Яна абавязала Мінюст да вечара 23 кастрычніка перавесці рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі "Вясны", а таксама пярэчанне па скарзе яе заснавальнікаў на беларускую мову.
Акрамя гэтага, Вярхоўны суд задаволіў хадайніцтва аб вядзенні пасяджэння на беларускай мове. Наступнае пасяджэнне прызначанае на 25 кастрычніка – паведамляе БелаПАН.
Нагадаем, дакументы на рэгістрацыю грамадскага праваабарончага аб'яднання "Вясна" былі перададзеныя ў Мінюст 23 ліпеня. 23 жніўня міністэрства адмовіла ў рэгістрацыі аб'яднання, матываваўшы сваё рашэнне тым, што назва ствараемай арганізацыі аналагічная назве раней ліквідаванага грамадскага аб'яднання, статут аб'яднання прадугледжвае магчымасць дзейнічаць у дасягненні не адзначаных у ім мэт, а заснавальнікі прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за здзяйсненне розных правапарушэнняў.