За акцыю памяці ахваряраў рэпрэсій затрыманыя 25 чалавек (абноўлена)
1- 30.10.2007, 14:01
У Віцебску затрыманыя ўдзельнікі акцыі памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. 30 кастрычніка мясцовыя актывісты дэмакратычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў разам з праваабаронцамі правялі акцыю памяці на месцы масавых расстрэлаў часоў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Паляі.
Ад самага пачатку акцыі за прысутнымі назіралі супрацоўнікі праваахоўных органаў, аднак праз нейкі час усе былі затрыманыя за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве - гэта каля 25 чалавек. Зараз яны знаходзяцца ў аддзяленьні міліцыі Віцескага раёну, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Сярод затрыманых - журналісты і сябры БАЖ: Алена Сцяпанава, Леанід Свецік, Вадзім Баршчэўскі і Сяргей Пятрэнка. Як паведаміў па тэлефоне прэс-службе БАЖ Леанід Свецік, удзельнікі акцыі-рэквіему, ушанаваўшы памяць ахвяраў сталінізму, ужо збіраліся вяртацца ў Віцебск, калі міліцыянты затрымалі іх аўтобус і адагналі яго да будынку раённага аддзелу міліцыі. Там затрыманым паведамілі, што яны падазраюцца ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Кіраваў затрыманнем намеснік начальніка аддзялення ўнутраных спраў Віцебскага раёна Аляксандр Ліленка.
Акцыя была прымеркаваная да 70-х угодкаў кульмінацыі сталінскага тэрору 1937 году. На месцы масавых растрэлаў ва ўрочышчы Паляі дэмакратычныя актывісты усталявалі памятны крыж.