З новага года цэны на рынках вырастуць мінімум на 25–30 працэнтаў
2- 15.11.2007, 12:51
10 лістапада скончыўся тэрмін, адведзены ўладамі індывідуальным прадпрымальнікам для перарэгістрацыі ў прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы па спрошчанай схеме. Адназначна вырастуць цэны на рэалізуемую прадукцыю на рынках і ў гандлёвых цэнтрах.
Шэрыя, станавіцеся белымі!
Як сцвярджае Міністэрства эканомікі, 1,5 тысячы іпэшнікаў ужо сталі ПУПамі на льготных умовах, яшчэ каля 9 тысяч паспелі задэклараваць сваё жаданне імі стаць. Гэта пры тым, што да нядаўняга часу ў Беларусі налічвалася больш як 200 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў, піша «Труд-Беларусь».
Атрымоўваецца, прыватныя прадпрымальнікі не захацелі станавіцца юрыдычнымі асобамі, і тым самым, ператварацца ў «частку цывілізаванага бізнэсу», чаго ад іх дамагалася дзяржава. «Схема, пры якой прадпрымальнік, назапашваючы сродкі, працягвае заставацца ІП, дзяржаву сёння не задавальняе. – заявіў нядаўна намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур. – Пры адсутнасці мяжы з Расейскай Федэрацыяй і адсутнасці неабходнасці для ІП афармляць шэраг дакументаў па-ранейшаму існуе магчымасць працы па шэрых схемах і сыход ад падаткаабкладання».
b<>Радыя б стаць белымі, дык…
«Пытанне ў тым, чаму існуюць «шэрыя» схемы, – гаворыць старшыня грамадскага аб'яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка. – Цяперашняя падатковая нагрузка на індывідуальных прадпрымальнікаў па шэрагу пазіцый перавышае аналагічную ў Расеі і Украіне ў 20 (!!!) разоў. Чаму б не стварыць такія мытныя правілы, якія дазвалялі б працаваць выключна па белых схемах?»
Паказальная дэталь. Пры тым, што дзяржава настойліва «запрашала» усіх іпэшнікаў перарэгістроўвацца ў ПУПы, у краіне няма нават закона аб прыватных унітарных прадпрыемствах! Як магчыма прапаноўваць тое, што да канца яшчэ не аформленае заканадаўча? Зрэшты, можа, дзяржава выйграла ад таго, што з Новага года колькасць іпэшнікаў скароціцца ў разы?
У пройгрышы ўсё
Паводле дадзеных Беларускага Саюза прадпрымальнікаў, нават пры ўсіх «шэрых» схемах, штомесячныя падатковыя паступленні ў дзяржбюджэт ад індывідуальных прадпрымальнікаў складаюць ні многа, ні мала 30 мільёнаў даляраў. Паводле падлікаў некаторых актывістаў прадпрымальніцкага руху, пасля запуску механізму жорсткай рэгламентацыі працы іпэшнікаў з 1 студзеня 2008 года (наяўнасць у штаце не больш як 3 наёмных працаўнікоў, і тое, калі гэта сваякі, і г. д.), колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў скароціцца мінімум у 2 разы. Адпаведна, у столькі ж разоў скароцяцца падатковыя паступленні ў дзяржказну. Нешматлікія ПУПы гэтыя страты ніяк не перакрываюць. Але і гэта не самае смутнае ў дадзенай сітуацыі.
Сур'ёзна пацерпяць «пакінутыя ў жывых» іпэшнікі і члены іх сем'яў. Шмат каму з іх давядзецца скарачаць колькасць гандлёвых кропак з прычыны новых правіл вядзення бізнэсу, звальняць большасць сваіх наёмных працаўнікоў, а некаторых з іх пераводзіць ва ўласнікі гэтых самых кропак, тым самым павялічваючы колькасць рызык і нервовасць у працы.
Акрамя гэтага, адназначна вырастуць цэны на рэалізуемую прадукцыю на рынках і ў гандлёвых цэнтрах. Напрыклад, калі ў 2005 годзе дублёнка на рынку «Дынама» каштаваў 300-350 даляраў, у 2007 – ужо $400-500, то ў наступным годзе гэтая дублёнка, на думку кіраўніка РГА «Перспектыва», будзе каштаваць дзесьці 600-700 даляраў.
Як сцвярджае Анатоль Шумчанка, цэны на бытавую электроніку, прадукцыю лёгкай прамысловасці, абутак вырастуць не менш як на 25-30 працэнтаў. «Нам стварылі такія ўмовы для працы, пры якіх прайграюць абсалютна ўсе: сама дзяржава, індывідуальныя прадпрымальнікі, а, у першую чаргу, спажыўцы», – гаворыць прадпрымальнік.
І дадаць да гэтага няма чаго.