Дэвід Крэмэр: «Пакуль ня будуць вызваленыя палітвязьні, ЗША будуць прымаць санкцыі»
8- 19.11.2007, 11:11
У гэты аўторак Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі адносна беларускага канцэрну “Белнафтахім”. Гэтае рашэньне "Радыё Свабода" папрасіла пракамэнтаваць намесьніка памочніка дзяржсакратара ЗША ў эўрапейскіх і эўразійскіх справах Дэвіда Крэмэра.
“Казначэйства ў супрацоўніцтве зь Дзярждэпартамэнтам замарозіла маёмасьць “Белнафтахіму” і ягонага прадстаўніцтва ў ЗША . Гэта зроблена ў адпаведнасьці з загадам прэзыдэнта ЗША №13405, выдадзеным 19 чэрвеня 2006 году. Гэты загад прадугледжвае меры адносна асобаў, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы ў Беларусі і якія маюць дачыненьне да палітычных рэпрэсій і карупцыі”, -- заявіў Крэмер.
Па словах чыноўніка Дзярждэпа ЗША, “гэты крок быў зроблены са шкадаваньнем. Але, на нашу думку, рэжым Лукашэнкі ня даў нам іншага выбару. Мы вельмі ясна казалі, што мы зацікаўленыя ў паляпшэньні адносінаў зь Беларусьсю і зь беларускім урадам, але мы гэтак жа недвухсэнсоўна давалі зразумець, якія мінімальныя крокі павінен зрабіць беларускі бок, каб палепшыць адносіны з Захадам”.
“Але мы гэтых крокаў беларускага боку не ўбачылі. Калі я быў там у красавіку, я вельмі ясна ім сказаў, што цана, якую яны будуць вымушаныя заплаціць, калі яны ня выпусьцяць усіх палітычных вязьняў, будзе высокай. Гэта невялікая група людзей, але кожны зь іх важны. І пакуль яны ня вызваленыя, я са шкадаваньнем кажу, што мы будзем вымушаныя рабіць такія крокі”, -- заявіў Крэмер.
-- У паведамленьні пра ўвядзеньне санкцый утрымліваецца спасылка на леташняе рашэньне прэзыдэнта ЗША аб замарожваньні фінансавых сродкаў кіраўнікоў беларускай улады, Вы зараз падцьвердзілі гэта. Аднак “Белнафтахім” – дзяржаўнае прадпрыемства, гэта не прыватная ўласнасьць спадара Лукашэнкі. У чым палягае юрыдычнае абгрунтаваньне гэтага рашэньня?
-- Юрыдычнай асновай для гэтага рашэньня зьяўляецца кантроль, які Лукашэнка мае над “Белнафтахімам”. Ягоныя ўласныя камэнтары на гэты конт дапамаглі нам прыняць такое рашэньне.
-- Беларускі МЗС заявіў, што ўвядзеньнем санкцый адносна “Белнафтахіму” ЗША нібыта парушылі мэмарандум аб гарантыях бясьпекі ў сувязі з далучэньнем Беларусі да Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі ад 5 сьнежня 1994 году. У ім Злучаныя Штаты ў адказ на адмову краіны ад валоданьня ядзернай зброяй абавязаліся не ўжываць да Беларусі меры эканамічнага прымусу ў мэтах падпарадкаваньня Беларусі інтарэсам ЗША. Што Вы можаце сказаць наконт гэтай аргумэнтацыі беларускага боку?
-- Мы добра ведаем гэтае пагадненьне і лічым, што мы прытрымліваемся яго палажэньняў. Мова ідзе ня толькі пра інтарэсы Злучаных Штатаў, а пра інтарэсы міжнароднай супольнасьці. Я падкрэсьлю ў адказ, што Беларусь парушае Хэльсынскія пагадненьні, парушае свае абавязкі сябра АБСЭ. Настаў час, каб Беларусь пачала дзейнічаць, як годны сябра АБСЭ.
-- Ці ёсьць у Злучаных Штатаў варыянт дзеяньняў, калі Беларусь у адказ на рашэньне ЗША арыштуе ў Беларусі рахункі амэрыканскіх прадпрыемстваў, якія працуюць у гэтай краіне?
-- Давайце прыгадаем, як гэта было – крок за крокам. Мы абнародавалі гэты крок. Некалькі месяцаў таму мы значна пашырылі сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у ЗША. Пакуль давайце спынімся на гэтым. Калі беларускі бок вырашыць зрабіць нейкія крокі ў адказ, мы будзем рэагаваць на іх.
-- У інтэрвію “Радыё Свабода” на мінулым тыдні Вы сказалі, што амэрыканскі ўрад дзейнічае па двух лініях – цісьне на беларускі ўрад і падтрымлівае дэмакратычныя сілы. Але ці ня могуць санкцыі адносна “Белнафтахіму” пашкодзіць гэтай другой задачы – дыскрэдытаваць дэмакратычныя сілы Беларусі ў вачах народа, у прыватнасьці, у вачах тых 120 тысяч чалавек, якія працуюць на прадпрыемствах “Белнафтахіму”?
-- Крок, зроблены на гэтым тыдні, быў крокам ураду ЗША. Гэта не было зроблена у выніку кансультацый зь беларускай апазыцыяй, мы не пыталіся ў іх парады ці згоды, яны ня мелі з гэтым крокам нічога супольнага. Мы зрабілі гэта, каб прадэманстраваць беларускім уладам сур’ёзнасьць нашых намераў, паказаць ім, што яны мусяць заплаціць высокую цану за свае дзеяньні.
Мне больш хацелася б гаварыць з вамі пра спосабы, якімі мы маглі б палепшыць адносіны, і гэта абсалютна магчыма, калі будуць вызваленыя ўсе палітычныя вязьні. На жаль, урад вырашыў, што ён ня будзе гэта рабіць. І ў выніку мы зрабілі гэты крок і ранейшыя крокі.
Наша мэта – не ствараць цяжкасьці для беларускага насельніцтва, наадварот, Злучаныя Штаты – вялікі сябра беларускага народу. Наша праблема – з рэжымам, які адмаўляецца прытрымлівацца нормаў і стандартаў АБСЭ і іншых дэмакратычных краінаў.
-- Амэрыканскае пасольства ў Беларусі патлумачыла, што санкцыі не зьяўляюцца прэвэнтыўнай мерай супраць беларускага праекту здабычы нафты ў Вэнэсуэле. Аднак, у сувязі з замарожваньнем рахункаў “Белнафтахіму” ў ЗША, ці робіцца немагчымым продаж здабытай Беларусьсю ў Вэнэсуэле нафты ў Злучаныя Штаты?
-- Безумоўна гэты крок не зьвязаны зь дзеяньнямі альбо адносінамі, якія Беларусь мае з Вэнэсуэлай. Але які будзе уплыў , наступствы гэтага рашэньня, мы яшчэ пабачым. Пакуль заўчасна спэкуляваць, ці пашкодзіць гэта плянам і дзеяньням беларускіх уладаў што да вэнэсуэльскага праекту.
-- У кастрычніку і лістападзе ў Беларусі прайшлі дзьве масавыя акцыі апазыцыі – Эўрапейскі марш і Сацыяльны марш. Улады далі на іх дазвол, падчас гэтых акцый, у адрозьненьні ад папярэдніх, не было затрыманьняў іх удзельнікаў. Ці заўважылі Злучаныя Штаты гэтае пэўнае зьмякчэньне паводзінаў беларускіх уладаў, ці паўплывала гэта на пазыцыю ЗША?
-- Затрыманьні адбываліся напярэдадні маршаў, улады дзейнічалі прэвэнтыўна, а ня так, як раней. Мы гэта заўважылі. Аднак нельга ставіць добрыя ацэнкі краінам за тое, што яны толькі ня робяць дрэнных рэчаў. Падчас гэтых двух маршаў рэжым паводзіў сябе так, як і павінна паводзіць сябе дзяржава. І тое, што яны не рабілі кепскага, ня ёсьць падстава, каб іх узнагароджваць.
Скасаваць дрэнныя рэчы, зробленыя ў мінулым – вызваліць палітвязьняў, вось гэта быў бы крок, які мы заўважылі б і на які б вельмі пазытыўна адрэагавалі.
У сьпісе палітвязьняў засталося 6-7 асобаў, бо тэрмін пакараньня некаторых скончыўся і яны былі вызваленыя. Сьпіс кароткі, і мы хочам, каб усе яны былі вызваленыя, і мы засяроджваем увагу на гэтым. Мы заўважылі, што былі дадзеныя дазволы на гэтыя маршы, гэта пазытыўны крок , але гэта ня той крок, які рэжым павінен зрабіць, каб убачыць паляпшэньне ў адносінах.