Палітвязьню Артуру Фінькевічу пагражае тры гады калоніі
6- 20.11.2007, 15:29
Амаль месяц знаходзіцца ў магілёўскім сьледчым ізалятары моладзевы актывіст Артур Фінькевіч, на якога завялі яшчэ адну крымінальную справу. “Расьсьледаваньне справы завяршылася, Артур зь ёй азнаёміўся, цяпер справу перадалі ў пракуратуру і праз колькі дзён перададуць у суд”, — паведаміла «Радыё Свабода» адвакат Фінькевіча Ганна Рыбалка.
Сьледчы Аляксандар Ліскавец, які вёў справу Артура Фінькевіча, ад камэнтару ўстрымаўся.
Нагадаем, Артура Фінькевіча, які адбываў “хімію” ў Магілёўскай спэцкамэндатуры, затрымалі 26 кастрычніка. Актывіста абвінавацілі ў парушэньні рэжыму адбыцьця пакараньня. Максымальнае пакараньне, якое пагражае хлопцу, — тры гады калёніі.
У якіх умовах трымаюць вязьня? Паводле актывісткі Касі Галіцкай, на ўмовы Артур Фінькевіч ня скардзіцца. Ён па-ранейшаму знаходзіцца ў камэры, дзе разам зь ім шэсьць чалавек, харчаваньне нармальнае, атрымлівае карэспандэнцыю.
Актывіст паведаміў свой адрас, на які прапануе дасылаць яму лісты:
“Лісты яму можна пісаць, лісты ён атрымлівае. І нават, наколькі мне вядома, яму можна дасылаць невялічкія бандэролі. Ягоны адрас такі: Магілёў, вуліца Крупскай 99-а, сьледчая турма №4”, -- паведаміла Кася Галіцкая.
Першае пакараньне, два гады “хіміі”, Артур Фінькевіч атрымаў за графіці палітычнага зьместу – “Дастал” і “Мы хочам новага!”.
На “хіміі” Артуру Фінькевічу заставалася адбыць паўтара месяца. Яго некалькі разоў каралі нібыта за парушэньне рэжыму. Зь некаторымі пакараньнямі актывіст быў ня згодны, але аспрэчыць іх не ўдалося.