9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вінцук Вячорка: «Перамены – непазьбежныя»

5
Вінцук Вячорка: «Перамены – непазьбежныя»

“Выйсьце для Беларусі -- ў неадкладных палітычных рэформах адпаведна эўрапейскім стандартам, у разьняволеньні эканамічнай ініцыятывы нашых грамадзянаў, у дзяржаўнай палітыцы нацыянальнага адраджэньня. Трэба неадкладна прымаць прапановы Эўразьвяза. А тыя ва ўладзе, хто ня хоча ганебнага канца кар’еры, перад абліччам крызысу й пагрозы самой нашай дзяржаўнасьці мусяць усьведаміць, што перамовы з дэмакратычнымі сіламі, свабодныя выбары, перамены – непазьбежныя”, -- заявіў у інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97 лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка. Напярэдадні зьезда партыі, які мае адбыцца 8-9 сьнежня, палітык адказвае на нашыя пытаньні.

-- Спадар Вінцук, што, на Ваш погляд, можна лічыць сапраўднай перамогай БНФ цягам апошніх гадоў?

-- Гэта перамога нацыянальнай ідэі, незалежніцкай ідэі ў сьвядомасьці людзей. Як удзельнікаў дэмакратычных сілаў, так і звычайных грамадзянаў. Нават Лукашэнка змушаны выкарыстоўваць слова “незалежнасьць”, якое яму праз горла не праходзіла яшчэ колькі гадоў таму. Тое, за што нас пляжылі раней – прынцыповая незалежніцкая пазыцыя – цяпер становіцца нашаю сілаю, бо мы пасьлядоўныя. Разумныя людзі цэняць пасьлядоўнасьць.

Наша (і мая асабіста) перамога – тое, што Беларускі Народны Фронт па-ранейшаму зьяднаны беларускай ідэяй. А не якойсьці часовай кампаніяй ці прагматычным інтарэсам. Мы – за простыя вечныя рэчы: за незалежную эўрапейскую краіну Беларусь, за свабоду, за багатую беларускую культуру й мову, за чалавечую годнасьць і дабрабыт.

-- Якой Вы бачыце будучыню Беларускага Народнага Фронту?

-- Дзякуючы нашай ідэйнасьці да нас апошнія пару гадоў масава пайшла моладзь. Так зьявілася Моладзь БНФ, якой мы ганарымся. І нясем адказнасьць за тое, каб гэтыя 20-гадовыя (і маладзейшыя) хлопцы й дзяўчаты не расчараваліся ў Фронце. Я імкнуся да таго, каб моладзь брала на сябе арганізацыйную адказнасьць за агульнафронтаўскую працу. Так, у Менску зь 9-ці нашых раённых радаў ужо пяцьцю кіруюць маладзейшыя за 30 гадоў. Такая, ідэйна згуртаваная і маладая, арганізацыя зможа перакласьці нацыянальную ідэю на мову практычных шанцаў для кожнага. За Партыяй БНФ – пераможная палітычная будучыня.

-- Зараз у Фронце ўпершыню ўзнікла сытуацыя, калі на пасаду старшыні партыі прэтэндуюць адразу тры чалавекі. Ідуць “гарачыя” дэбаты, людзей вельмі хвалюе лёс Фронта. Дагэтуль выбары лідэра БНФ адбываліся больш “спакойна”. Што, на Вашую думку, лепш для партыі?

-- Публічная спаборная кампанія сьведчыць пра ўнутрыпартыйную дэмакратыю. Знайдзіце яшчэ такую дэмакратычную партыю ў сучаснай Беларусі.

Зь іншага боку, падвышаная ўвага да ўнутраных падзеяў БНФ сьведчыць, што палітызаваныя людзі засумавалі па рэальных выбарчых кампаніях. Вось і атрымліваецца выбарчая дэмакратыя й публічная кампанія ў адной асобна ўзятай партыі. Знаёмыя журналісты шчыра кажуць: застой, няма навінаў, а тут фронтаўскае “дэрбі”.

Але ж вырашаць пытаньне фронтаўскага лідэрства і, адпаведна, стратэгіі павінны самі сябры Партыі БНФ – на зьезьдзе, шляхам таемнага галасаваньня. Я супраць таго, каб нам навязвалі звонку, хто павінен кіраваць Фронтам. Няважна, праз абяцаньне матэрыяльных рэсурсаў альбо з выкарыстаньнем інфармацыйных тэхналёгіяў. Некаторыя сайты (ня наш) нават адкрылі інтэрнэт-галасаваньне, а некаторыя газэты “вынікі галасаваньня” нават надрукавалі. Хаця калі палаюць жарсьці, такое “галасаваньне” ёсьць усяго толькі спаборніцтва хакераў, тэхнічна нічым не адрознае ад салаўёўскага “галасаваньня” ў вядомым расейскім тэлешоў.

Мне заўсёды было важна, каб БНФ успрымаўся як суцэльная сіла. Пасьля зьезду давядзецца гэты вобраз нейкі час адбудоўваць.

-- Калі Вас пераабяруць, ці збіраецеся Вы рэфармаваць БНФ? Калі – так, то якія будуць першыя крокі ў гэтым кірунку?

-- Партыя наша кансэрватыўная. Але мяняецца час. У папярэднія гады было важна навучыцца працаваць кааліцыйна, вылекавацца ад самаўпэўненасьці, якая пайшла нам на шкоду ў пачатку й сярэдзіне 90-х. Мы даказалі, што ўмеем падпарадкоўваць амбіцыі агульнай справе, будаваць эфэктыўныя кааліцыі. Кампанія А.Мілінкевіча таму пацьверджаньне. Мы сьвядома былі сышлі ў інфармацыйны цень падчас кампаніі вылучэньня адзінага кандыдата й уласна прэзыдэнцкай кампаніі, хаця вызначальная роля БНФ у гэтай справе – агульнавядомая. Мы без залішняга “піару” зрабілі так, што незалежніцкія каштоўнасьці сталі асноватворнымі для кааліцыі. Але такая прызнаная сіла, як Партыя БНФ, абавязаная гучна заяўляць пра свае ідэалы й свае погляды, мець сваіх нацыянальных і рэгіянальных лідэраў, пэрыядычна адладжваць свае структуры. Моцны Фронт – значыць, мацнейшыя ўсе, з кім мы супрацоўнічаем. Таму мая канцэпцыя – БНФ павінен выйсьці зь ценю.

Арганізацыйна гэта азначае, што з усімі нашымі партнэрамі па кааліцыях і двухбаковых сувязях мы павінны мець пісьмовыя дамовы: з прымальнай для нас ідэйнай базай і адпаведным нашай вазе мэханізмам прыняцьця рашэньняў, г.зн. з правам вэта.

Унутры Партыі БНФ (хоць гэта ня вельмі цікава чытачам спа-за Фронту) будзем радыкальна мяняць сытуацыю з намесьнікамі старшыні: не спадзявацца, што яны самі дабраахвотна возьмуць і пацягнуць кірунак працы, а вызначыць яго (кірунак) на Зьезьдзе. І яшчэ зьбіраюся далей ажыцьцяўляць ідэю выязных – у рэгіёнах – паседжаньняў Сойму й Управы. Мы ўжо рабілі гэта ў Віцебску, хай і ў іншых гарадах фронтаўцы паўдзельнічаюць у сур’ёзных дыскусіях і ў прыняцьці рашэньняў. Гэта рэальная праца на кансалідацыю рэгіёнаў і сталіцы.

І яшчэ. Для мяне непрымальныя кулюарныя інтрыгі, нашэптваньне, а найгоршае – калі рэгіянальным актывістам абяцаюць матэрыяльныя даброты, калі яны “правільна” прагаласуюць. Я супраць разлажэньня ў лукашэнкаўскім стылі аднае зь нямногіх ідэйных палітычных сілаў Беларусі.

-- Як Вы ацэньваеце адыходзячы год? Які вопыт, на Ваш погляд, набыла апазыцыя?

-- Для Беларусі гэта быў год працьверазеньня пасьля газавай эўфарыі. Я хадзіў па кватэрах суседзяў па сваім Зялёным Лузе ў студзені й бачыў, як хваляваліся простыя людзі, што будзе з газам-цэнамі-пэнсіямі. І што будзе зь незалежнасьцю. БНФ, а потым і кааліцыя паспрабавалі на гэтыя трывогі даць сыстэмны адказ – антыкрызысную стратэгію. Былі вулічныя акцыі: 25 Сакавіка, Чарнобыльскі шлях, Эўрапейскі марш, Сацыяльны марш. Мабілізацыйны рэсурс у нас захоўваецца (і маладзее), але сапраўды масавыя акцыі магчымыя толькі праз далучэньне новых вялікіх групаў, устурбаваных палітычным і эканамічным станам краіны, лёсам яе незалежнасьці.

-- Чаго, на Ваш погляд, беларусам чакаць у наступным годзе ў палітычным і эканамічным плане?

-- Наша эканамічная, энэргетычная, а ўсьлед за імі палітычная незалежнасьць пад пагрозай. БНФ гэта ўсьведамляе. У Расеі Пуцін застаецца надоўга, а значыць, будзе і надалей працягвацца стратэгія паэтапнага захопу беларускіх прадпрыемстваў, нафтагазатранспартнай інфраструктуры й перапрацоўчай галіны, кантролю над вайсковай сфэрай. 2008-мы будзе годам абароны незалежнасьці, і адначасова наступіць момант ісьціны для многіх людзей, якія былі някепска матэрыяльна ўладкаваліся ў цяперашняй сацыяльна-эканамічнай мадэлі, калі заробкі панізяцца, тарыфы вырастуць, а рынкі страцім. Будзе нарастаць ня проста трывога, але пратэстныя настроі.

Але нам нельга скочвацца на папулізм. БНФ заўсёды гаворыць праўду. Няможна проста казаць: “Вярніце льготы!” Кожны абазнаны чалавек запытае: а дзе браць сродкі, калі скарацілася эканамічная падкормка Лукашэнкі з Расеі? Мы павінны адказаць на гэтае пытаньне.

Наша праграмная мэта – уступ Беларусі ў Эўразьвяз і ў НАТО, каб забясьпечыцца ад новага расейскага імпэрыялізму. Эўрапейскія патрабаваньні да менскай улады й прапановы беларускаму народу даюць беларускай дзяржаве інструмэнт абароны эканамічнай незалежнасьці, а нам – інструмэнт патрабаваць вызваленьня палітычных вязьняў і ўключэньня нашых прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Але і эўрапейскія прапановы для Беларусі нельга падаваць у паразытычным ключы: нібыта нас будуць карміць. Беларускі народ сам дастаткова таленавіты, працавіты, прадпрымальны. Яму трэба толькі нармальныя ўмовы. Дарэчы, на такім патрыятызьме апошім часам спэкулюе Лукашэнка, але мы ня будзем аддаваць яму гэтае ідэалягічнае поле.

-- Вы ўжо заявілі пра пачатак падрыхтоўкі сьвяткаваньня 90-годзя БНР. Якой будзе, на Ваш погляд, вясна-2008?

-- Мусім падрыхтавацца, каб інтэлектуальна ды арганізацыйна ўзначаліць сацыяльна-эканамічны пратэст. Павернем яго ў незалежніцкае і рэфармісцкае рэчышча, каб людзям не падсунулі “выратавальную” ідэю пра вяртаньне ў Расею па танны газ. Пратэстныя акцыі наступнага году мусяць адбывацца пад бел-чырвона-белым сьцягам.

Важна загадзя надаць ясную форму адзначэньню 90-годзьдзя Беларускае Народнае Рэспублікі. Ужо чуваць абвінавачаньні, маўляў, замест таго каб гаварыць пра сучасныя праблемы, мы дастаем з нафталіну старыя граматы.

Але, па-першае, мы адзначаем 90-годзьдзе БНР як Дзень Незалежнасьці, як галоўнае сьвята беларусаў. Карані нашае новае дзяржаўнасьці – не ў 1994 ці 1944 годзе, а ў 1918, як і ў палякаў, літоўцаў, чэхаў (чыю незалежнасьць прынамсі на словах Масква прызнала канчаткова). І 25 Сакавіка мы прадэманструем нашую волю незалежнасьць бараніць.

Па-другое, мы аб’ядноўваем у адно памкненьне беларусаў да незалежнасьці й да асабістае свабоды. Напярэдадні 25 Сакавіка адбудзецца Форум за Незалежнасьць, дзе найлепшыя беларускія розумы абмяркуюць пагрозы нашай эканамічнай і асабліва энэргетычнай незалежнасьці, нашай нацыянальнай ідэнтычнасьці, мове й гістарычнай памяці. Выйсьце ў неадкладных палітычных рэформах адпаведна эўрапейскім стандартам, у разьняволеньні эканамічнай ініцыятывы нашых грамадзянаў, у дзяржаўнай палітыцы нацыянальнага адраджэньня. Трэба неадкладна прымаць прапановы Эўразьвяза.

А тыя ва ўладзе, хто ня хоча ганебнага канца кар’еры, перад абліччам крызысу й пагрозы самой нашай дзяржаўнасьці мусяць усьведаміць, што перамовы з дэмакратычнымі сіламі, свабодныя выбары, перамены – непазьбежныя.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках