Зміцер Хведарук: «Фашыстаў у нас няма. Ёсць спроба стварыць гэткія групоўкі»
4- 5.11.2007, 12:49
«Безумоўна, бойка на Сацыяльным маршы паміж «фашыстамі» і «анархістамі» – гэта спланаваная правакацыя. Упершыню ў акцыі апазіцыі ўдзельнічалі прафашысцкія арганізацыі. Па словах відавочцаў, яны зніклі вельмі хутка, як толькі з'явіўся АМАП. Такога быць не можа, калі гэта не спланаванае. Яшчэ на Акадэміі навук яны спрабавалі наладзіць сутычкі», – распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 адзін з лідэраў “Маладога Фронту” Зміцер Хведарук.
Моладзевы лідэр адзначае, што сябры прафашысцкіх арганізацый “Белая воля” і “Белая Русь” неслі бел-чырвона-белыя сцягі з сімвалам, падобным на кельцкі крыж. «Здалёк яны падобныя на сцягі “Маладога Фронту”. Толькі ў нас бел-чырвона-белы сцяг з шасціканцовым крыжам. На кадрах БТ яны глядзеліся аднолькава. Калі я прыйшоў дамоў, мая маці сказала, што яна вырашыла, што гэта дзерліся мы», – гаворыць Хведарук.
«Правакацыя патрэбная была для таго, каб паказаць гэта ўсё па БТ. Што і было зробленае. У Беларусі няма фашыстаў. Шмат гадоў існавалі групоўкі футбольных хуліганаў, цяпер жа спрабуюць стварыць групоўкі, якія будуць ладзіць правакацыі, запалохваць людзей», – сказаў Зміцер Хведарук.