У студэнтаў канфіскавалі ўлёткі аб адмене льгот
2- 18.12.2007, 8:31
Затрыманыя ўчора ў Берасце ўдзельнікі флешмобу супраць адмены сацыяльных ільгот Кастусь Балагура і Юры Бакур вызваленыя з міліцыі. Як паведаміў БелаПАН актывіст руху "За Свабоду" Балагура, у яго ўзялі пісьмовае тлумачэнне, канфіскавалі 90 улётак, прысвечаных адмене льгот, і склалі пратакол аб канфіскацыі дадзенай друкаванай прадукцыі.
"Ці складзены ў дачыненні мяне пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, мне не вядома. Супрацоўнікі міліцыі нешта пісалі, але мне нічога не давалі падпісваць, таму ці будуць да мяне ўжытыя якія-небудзь санкцыі, сказаць не магу", – удакладніў К.Балагура.
Другога затрыманага падчас флешмобу, Ю.Бакура, адвезлі ў суд Ленінскага раёна Берасця. Каля 17.00 актывіста вызвалілі. Разгляд матэрыялаў яго адміністрацыйнай справы прызначаны на 19 снежня.
У дачыненні Ю.Бакура складзеныя два пратаколы: за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.
Нагадаем, абодва актывісты былі затрыманыя 17 снежня недалёка ад галоўнага корпуса Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе прыкладна а 13 гадзіне больш як 20 маладых людзей моўчкі сталі на прыступках ля будынка з паветранымі шарамі, на якіх было напісанае "льготы". Пасля ўсе шары ў руках удзельнікаў акцыі адначасова лопнулі. Праз пяць хвілін, калі маладыя людзі пачалі разыходзіцца, Ю.Бакура і К.Балагуру затрымалі людзі ў цывільным. Яны сілай пасадзілі іх у машыну і даставілі ў апорны пункт міліцыі на вуліцы Савецкай.