На польскай мяжы 7-гадзінныя чэргі
- 18.12.2007, 8:32
Перад увядзеннем дарагіх шэнгенскіх віз тысячы беларусаў накіраваліся на шопінг. Калі на літоўскай мяжы ў мінулыя выходныя стаяць у чарзе трэба было ў сярэднім па тры гадзіны, то жадаючыя патрапіць у Польшчу таміліся па 5 – 7 гадзін.
– Прыехалі на мяжу а 4 раніцы, а перасеклі яе толькі да поўдня! – з жахам успамінае ў інтэрв'ю «КП в Беларуси» мянчучка Валянціна, якая накіроўвалася ў Польшчу. - Сапраўднае катаванне!
Гаворыць супрацоўнік беларускай памежнай службы пераходу «Варшаўскі мост»:
– У мінулыя выходныя чарга была машын чатырыста – расцягнулася на паўтара кіламетры! Падобная сітуацыя на пераходзе «Брузгі», праз які беларусы трапляюць з Гародні на рынак у Беластоку.
– Праз «Брузгі» ў параўнанні з мінулай нядзеляй прайшлі на 450 машын, або на 900 чалавек больш, а праз «Варшаўскі мост» на восемсот з лішнім чалавек больш, – гаворыць начальнік прэс-цэнтра Дзяржаўнага памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка. – Калі раней у машыне ехалі 1 – 2 чалавекі, то цяпер набіваецца цэлая машына. З прычыны вялікага патоку шмат хто стаў ездзіць у будныя дні. Беларускі бок робіць усё магчымае, каб паскорыць праходжанне мяжы – на аднаго чалавека адводзім паўтары-дзве хвіліны. Замешкі ўзнікаюць у асноўным, калі ў людзей няправільна аформленыя дакументы… Мы, калі бачым, што чарга вялікая, імкнёмся прапускаць машыны хутчэй!.
– Мы працуем без панікі! – сказаў «КП в Беларуси» афіцэр на польскім памежным пераходзе «Церэспаль». – Трэба ж насамрэч усё паглядзець, усё па правілах аформіць.
21 снежня будзем ставіць візы па 60 еўра
– Той, хто падаў дакументы да 20 снежня ўключна, атрымае яшчэ нацыянальную візу за 5 еўра, – адказала нам дарадца па консульскіх пытаннях амбасады Літвы Люда Клейменава. – Ужо 21-га мы будзем ставіць візы за 60 еўра. У гэтым годзе, па нашых падліках, консульства Літвы выдасць звыш як 120 тысяч віз.
У амбасадзе Польшчы аналагічная сітуацыя. За год палякі выдалі беларусам каля 270 тысяч віз.
ДАРЭЧЫ
З 1 студзеня 2008 года даражэе амерыканская віза. Замест 100 даляраў прыйдзецца плаціць 131. Тлумачаць гэта падвышэннем выдаткаў на бяспеку – уводзіцца рэгістрацыя па адбітках пальцаў.