9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як галасавалі беларусы ў Расеі?

1

Якія ўражаньні ў беларусаў, якія маюцю грамадзянства Расеі, ад галасаваньня і выбарчай кампаніі наагул? Гэтыя пытаньні “Радыё Свабода” задавала некаторым прадстаўнікам беларускай дыяспары ў Расеі.

Аляксандар Блешчык – юрыст з Екацірэнбургу, малой бацькаўшчыны першага прэзыдэнта Расеі Ельцына.

-- Аляксандар, як адбывалася галасаваньне на выбарчым участку, дзе Вы галасавалі?

-- Усё адбывалася спакойна. Адзінае, што я заўважыў, што на ўчастку не было ніякай інфармацыі пра партыі, якія бяруць удзел у выбарах. Не было праграмаў гэтых партый. На ранейшых выбарах яны на участках былі, а цяпер – не.

-- А ці былі на ўчастку, дзе Вы галасавалі назіральнікі?

-- Не, я ня бачыў. Я жыў на ўскрайку Екацірэнбургу, у нас тут маленькі участак. Магчыма, у цэнтры гораду былі назіральнікі ад партый.

-- А як Вы наагул ацэньваеце выбарчую кампанію?

-- Мы ўсе добра разумеем , якімі будуць вынікі галасаваньня. Незалежна ад палітычных поглядаў мы ўсе ведаем, хто будзе пераможцам. Што тычыцца парушэньняў, то я, як юрыст, лічу, што вялікіх парушэньняў не было, усё было даволі прымальна. Але варта зазначыць, што фінансавае забесьпячэньне партый было няроўным. Некаторыя партыі, зразумела, мелі больш грошай, і таму іх агітацыя была больш яскравай.

Маскоўскі банкір Андрэй Макагон пайшоў галасаваць у 10 гадзін раніцы.

-- Я пайшоў галасаваць раніцай, але ўжо было шмат людзей на ўчастку. Пераважна людзі сталага веку, моладзі амаль не было. На участку, дзе я галасаваў, былі два назіральнікі: адзін падлічваў колькасьць тых, хто прыйшоў на выбары, другі глядзеў, ці ўжываецца сыстэма парушэньняў "карусэль".

-- Андрэй, а як Вы ацэньваеце выбарчую кампанію у цэлым?

-- Шкада, але Расея ідзе па шляху Беларусі, гэта недзе Беларусь 1996 году. Вельмі знакавым быў артыкул Паўла Шарамета ў "Ведомостях", які піша , што расейцам зараз трэба ўжо ня кпіць з беларусаў, а вучыцца ў іх, вучыцца, як змагацца ў такіх умовах.

Тыя незалежныя партыі, якія засталіся, ня здолелі дамовіцца паміж сабой. Я маю на ўвазе найперш "Яблоко" і СПС. Усю гэтую кампанію разваліў менавіта Яўлінскі, які адмовіўся ад кампрамісаў, а таксама партыя "Грамадзянская Сіла" Баршчэўскага, які ня здолеў знайсьці месца ў СПС і вымушаны быў стварыць сваю партыю. Таму дэмакраты шлі на гэтыя выбары трыма калёнамі. Шмат маіх знаёмых пайшлі галасаваць менавіта за партыю Баршчэўскага, як за новую плынь у дэмакратычным руху.

-- Беларусы розныя што ў Беларусі, што ў Расеі. Але, Андрэй, кола Вашых знаёмых маскоўскіх беларусаў – за каго галасавалі пераважна?

-- Пераважна за СПС і "Яблоко". На тыя мерапрыемствы, якія ладзяць маскоўскія беларусы, звычайна прыходзяць актывісты менавіта гэтых дзьвюх партый, паглядзець, як мы жывем. Ну і хаўрусьнікі беларускіх партый – гэта зноў жа найперш СПС і, у меншай ступені, "Яблоко".

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках