Лукашэнка: «Мы падрыхтаваныя для ўступлення ў Еўразвяз больш, чым Польшча ці краіны Балтыі»
14- 3.12.2007, 16:33
Беларусь і Еўразвяз павінны развіваць дыялог. Такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю іспанскай газеце "Эль Паіс", паведамілі БелТА ў прэс-службе беларускага кіраўніка.
"Краіны ЕЗ могуць ставіць жыццёва важныя для іх праблемы, не ўмешваючыся ў нашы ўнутраныя справы, прынамсі, на гэтым этапе. Вельмі важна, каб ЕЗ не ўзводзіў жалезную заслону вакол Беларусі, і каб мы развівалі дыялог", – сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Еўропа сёння не хоча нармалізацыі стасункаў з Беларуссю. Таму што занадта ў свой час далёка зайшла, а сёння трэба, захаваўшы твар, з гэтага выйсці. Хопіць рашучасці ў Еўрапейскага Звязу гэта зрабіць, мы будзем сядзець за адным сталом, весці дыялог, калі мы хочам быць бліжэй. Мы гэтага хочам і ўсюды пра гэтым гаворым. А Еўрапейскі Звяз не хоча, і ён высоўвае нам непрымальныя ўмовы. Навошта ўмовамі пазначаць наш дыялог? Не трэба", – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, Беларусь зрабіла шмат крокаў насустрач Еўразвязу, якія былі праігнараваныя ЕЗ. "Мы іх (умовы ЕЗ – заўв. БелТА) абдумаем, але я не ўпэўнены, што калі прымем гэтыя ўмовы, еўрапейцы адгукнуцца. У еўрапейцаў няма сур'ёзнага падыходу да Беларусі, за выключэннем, магчыма, Нямеччыны, у якой больш прагматычная пазіцыя і якая спрабуе зразумець сітуацыю. Палітыка немцаў умераная і зыходзіць з рэальнай сітуацыі. У кожнай дэмакратычнай дзяржаве павінна быць апазіцыя, але немцы бачаць заганы тутэйшай апазіцыі і пытаюцца ў сябе, ці паступаюць яны карэктна па дачыненні да нас. Я не магу сказаць гэтага па дачыненні да іншых. Нам застаецца толькі чакаць і назіраць. Мы больш падрыхтаваныя, чым Польшча ці краіны Балтыі, для ўступлення ў ЕЗ", – адзначыў Лукашэнка.