Улады імітуюць дыялог з апазыцыйнай моладзю
4- 7.12.2007, 10:15
Шырокая дэлегацыя прадстаўнікоў БРСМ і ўладнай вэртыкалі зладзіла палутарагадзінную сустрэчу з салігорскімі актывістамі “Маладога Фронта”.
Вертыкальшчыкі імкнуліся бліжэй пазнаёміцца з маладымі апазыцыянэрамі, цікавіліся іх мэтамі і месцам далейшага навучаньня. Пад час гутаркі быў закрануты самы шырокі сэктар тэм.
Маладафронтаўскі бок на сустрэчы прадстаўлялі браты Іван і Ільля Шылы, Хрысьціна Самойлава, Рыгор Астапеня і Андрусь Тычына, а таксама іх бацькі. Бок улады быў таксама больш чым прадстаўнічы. Яго прадстаўлялі начальнік аддзела па працы з моладзьдзю па Менскай вобласьці, другі сакратар БРСМ па Менскай вобласьці, начальнікі аддзелаў адукацыі і ідэалёгіі Салігорскага райвыканкама, начальнік аддзела па працы з моладзьдзю Салігорскага райвыканкаму, адказная па працы з моладзьдзю па Салігорскім раёне, інспэктар міліцыі па справах непаўнагадовых Салігорскага РАУС маёр Р. Трацэўскі, а таксама дырэктары, сацыяльныя пэдагогі і клясныя кіраўнікі тых школ, дзе навучаюцца маладзёны. Сустрэча адбывалася ў Салігорскай СШ №4.
Як адзначыў у размове з прэс-службай “Маладога Фронта” Іван Шыла сустрэча цягнулася паўтары гадзіны, за якую пасьпелі падыскутаваць на розныя тэмы:
- Не скажу, што гэта быў нейкі канструктыўны дыялёг. Прадстаўнікі абласной улады, як яны самі заявілі, жадалі толькі пазнаёміцца. Цікавіліся мэтамі нашай дзейнасьці, плянамі адносна далейшага навучаньня і пступленьня пасьля школы. Жаданьня перавыхаваць нас у іх не было, але і зразумець нас яны асабліва не імкнуліся. Сьцьвярджалі, што наша дзейнасьць не законная і пыталіся ці мы пра гэта ведаем. Пытаньні аб супрацьпраўнай дзейнасьці зь іх боку заставаліся без адказу. Сказалі што прыехалі не па загаду, а з уласнае ініцыятывы. Прыехалі ў Салігорск, бо палічылі нашую структуру адной з найбольш актыўных.
Прадстаўнік дэмсілаў Салігорску Аляксей Валабуеў так пракамэнтаваў гэтую сустрэчу:
- Наколькі мне вядома гэта сустрэча не была падобная на дыялёг. Хутчэй быў нечый загад зрабіць выгляд дыялёгу, бо аніякіх канкрэтных прапаноў ні з аднаго боку ні з другога не было. Гэта ня быў крулы стол сярод роўных па абмеркаваньню вызначаных праблемных пытаньняў. Тым ня менш такі візыт безумоўна тэба разглядаць як станоўчы фактар. Відавочна, што ўлады прызнаюць вялікі ўплыў маладафронтаўцаў на грамадзтва і ня могуць гэты ўплыў сілавымі сродкамі. Пагаршэньне эканамічнага стану ў краіне прымушае ўлады шукаць выйсьце, таму трэба чакаць і наступных крокаў.