9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Макаеў: У турме мы сьпявалі «Магутны Божа»

4

Сёньня з турмы на вуліцы Акрэсьціна на волю выйшаў сябра каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Алесь Макаеў. Цягам 15 сутак арышту ён трымаў галадоўку пратэсту.

Алеся Макаева арыштавалі 12 студзеня адразу пасьля размовы з намесьнікам начальніка ГУУС Аляксандрам Найдзенкам наконт умоваў утрыманьня вязьняў у спецпрыймальніку-размеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна ў Менску, якая абдылася ў Менгарвыканкаме, нібыта за тое, што ён нецэнзурна лаяўся.

Аднаго зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алеся Макаева выпусьцілі датэрмінова, а 8-й гадзіне раніцы. Хаця па пратаколу мусілі выпусьціць у 11.30. Спадар Макаеў усе 15 сутак арышту адмаўляўся ад ежы, паведамляе “Радыё Свабода”.

“І мае патрабаваньні гэтай галадоўкі былі – адмена пункту 1.1. указу №760. Другое – спыніць міліцэйскае і судовае самавольства і беззаконьне. Трэцяе – палепшыць бытавыя ўмовы на Акрэсьціна”.

Як праходзіла галадоўка у турме на Акрэсьціна?

“Лекар выклікала, а ў мяне галадоўка, пякотка там, баліць галава, ну, у мяне былі лекі асінкаптону, дазвол на гэта далі. Ну, а што лекарка піша: скаргаў няма, здаровы. Парады там, газы выпускаць зь мінэралкі...Дарэчы, Таўстыка і Парсюкевіч, здаецца, знаходзяцца ў 17-й камэры і таксама абвясьцілі галадоўку. Некалькі чалавек трымаюць галадоўку. Я дакладна ня ведаю. Яны прыкрываюць гэтыя сьпісы, калі даюць за ежу расьпісвацца. Тады гэта пішацца:”Адмова”, распавёў Макаеў.

Разам з Алесем Макаевым знаходзіліся іншыя арыштаваныя за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў – Карэн Акопаў, Зьміцер Хведарук і Віталь Стажараў. Яны правялі дзень салідарнасьці, калі ўсе сукамэрнікі адмовіліся ад ежы. Спадар Макаеў сказаў, што хлопцы трымаюцца бадзёра.

“Нават нехта маё прозьвішча выкрыкваў. І “Жыве Беларусь!”. Мы сьпявалі “Магутны Божа” раніцай ў камэры. Гэта не дазвалялі. Усё роўна сьпявалі. А ў камэры, дзе сядзеў Анатоль Шумчанка, там увогуле харавая капэла. Там Шыла цудоўна сьпяваў, яны там розныя беларускія песьні сьпявалі”.

Алесь Макаеў сказаў, што ўмовы ўтрыманьня ў турме на Акрэсьціна вельмі кепскія.

“Я ж галадоўку трымаў. Хоць і дазволілі мне перадаць дадаткова паліто, усё роўна было холадна. Ня робяць ложкаў, няма дзённага сьвятла, радыё. Умовы ўтрыманьня там значна горш, чым на Валадарскага. А так зарадку рабіў, дапамагала моцна”.

Алеся Макаева затрымалі 12 студзеня пасьля таго, як яго выклікаў да сябе намесьнік кіраўніка менскай міліцыі Аляксандар Найдзенка. Пасьля кароткай размовы яго павезьлі ў міліцыю Маскоўскага раёну Менска, а потым у суд. Яго зьвінаваіцілі, што ён нібыта на вуліцы Мясьнікова, 38 абражаў мінакоў і не зьвяртаў увагі на заўвагі міліцыянтаў. Спадар Макаеў сказаў, што накіруе пратэст у пракуратуру адносна сваіх апошніх арыштаў на 7 і 15 сутак.

Дома Алесь Макаеў пачаў выходзіць з галадоўкі. Ён кажа, што прадпрымальнікі мусяць рыхтавацца да новых акцый:

“Я думаю, што турмамі яны ня спыняць нашу барацьбу”.

Заўтра з турмы на Акрэсьціна выходзіць актывіст прадпрымальніцкага руху зь Віцебску Сяргей Парсюкевіч. Ён быў асуджаны на 15 сутак за ўдзел у акцыі 10 студзеня.

У турме застаюцца больш за два дзясяткі вязьняў, арыштаваных прэвэнтыўна і за ўдзел у акцыі 21 студзеня. Студэнтка Тацяна Цішкевіч адбывае 20 сутак арышту за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках