Расейская нафта дорага абыдзецца
- 3.01.2008, 14:18
Павелічэнне мытнай пошліны на расейскую нафту прывядзе да стратнага становішча ў нафтаперапрацоўчай галіне, і прымусіць Беларусь усё больш залежаць ад знешняга крэдытавання.
«Нафтаперапрацоўчая галіна нават ва ўмовах пераходу да рынкавых цэнаў перастала прыносіць прыбытак, як гэта было пры танных энергарэсурсах, а насупраць, патрабуе ўкладанняў з бюджэту. Ужо сёння не НПЗ кормяць беларусаў, а беларусы ўтрымліваюць НПЗ, што само па сабе абсурднае. Новыя пошліны на нафту – гэтая пераканаўчая прапанова беларускім уладам адмовіцца ад наяўнай сітуацыі і пачаць сур'ёзныя структурныя рэформы», – заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 эканаміст Яраслаў Раманчук, каментуючы інфармацыю пра падвышэнне з новага года мытнай пошліны на расейскую нафту для Беларусі на 14,3%.
«Павелічэнне мытнай пошліны на сырую нафту для Беларусі цалкам адпавядае агульнасусветнай дынаміцы росту цэнаў, што чарговым разам даказвае сур'ёзнасць заяў з боку Расеі аб пераходзе на рынкавыя стасункі з Беларуссю. Толькі з улікам падвышэння цэнаў на энерганосьбіты ў 2008 годзе Беларусь атрымае як мінімум дадатковых 30-40% да ўзроўню адмоўнага знешнегандлёвага балансу 2007 года», – лічыць эксперт.
Улічваючы, што летась адмоўнае знешнегандлёвае сальда перавысіла тры мільярды даляраў, то, па словах Раманчука, гэта сур'ёзна паўплывае на агульны аплатны баланс краіны, таксама значна ўзрастуць аб'ёмы крэдытавання эканомікі. Аднак эканаміст лічыць, што асноўная праблема не ў чарговым падвышэнні цэнаў на энерганосьбіты, а ў структуры беларускай эканомікі, якая не адпавядае сёння попыту і тэхналагічнаму ўзроўню сусветнага рынку.
Тым не менш, паводле яго слоў, для структурных рэформ патрэбная палітычная свабода, а «цяперашняя ўлада не можа прапанаваць нічога, акрамя фармальных ператварэнняў. Напрыклад, такіх як аграмястэчкі, толькі імітуючы такім чынам нейкія рэформы. Таму ў 2008 годзе рэжым будзе падсаджваць краіну на «пазыковую» іголку, заганяючы эканоміку ў яму, з якой выбрацца будзе вельмі складана».
Пры гэтым Яраслаў Раманчук прымячае, што «цяперашнія эканамісты ад улады выдатна разумеюць, што праблемы ў эканоміцы не ад высокіх цэнаў на энерганосьбіты, а ад адсутнасці менавіта структурных эканамічных ператварэнняў. Цяпер тэрмінова неабходна аддаваць прадпрыемствы ў прыватныя рукі, калі спосабы рэструктурызацыі будуць вызначаць самі інвестары. Аднак, што дабро – для эканомікі, смерць – для наяўнага рэжыму. І гэта таксама ўсе выдатна разумеюць», – гаворыць эканаміст.
Нагадаем, з 1 студзеня з 0,293 да 0,335 павялічаны каэфіцыент, ужывальны да мытнай пошліны на сырую нафту, якая вывозіцца з Расеі ў Беларусь. У рэальных лічбах стаўка падвышаная з 80,69 даляра за тону да 92,26 даляра, або на 14,3%.
Дарэчы, з 1 лютага пошліна зноў будзе павялічаная ўжо на 21,2%, то бок, з 92,26 да 111,82 даляраў за тону сырой нафты.