Лукашэнка – лепшы сябар дачніка
2- 30.01.2008, 9:38
Сваім указам №50 Аляксандр Лукашэнка вызваліў садоўніцкія таварыствы ад абкладання падаткам на нерухомасць асноўных сродкаў.
"Улічваючы, што прадметам дзейнасці такіх таварыстваў з'яўляецца калектыўнае садоўніцтва, не звязанае з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасці, Указ прадугледжвае шэраг дадатковых мер. Сярод іх – вызваленне ад абкладання падаткам на нерухомасць асноўных сродкаў садоўніцкіх таварыстваў, набытых або створаных за кошт унёскаў іх сяброў", – паведамілі "Інтэрфаксу" ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Там дадалі, што ўказ прадугледжвае ўсталяванне платы за адкрыццё і абслугоўванне банкамі наяўных рахункаў таварыстваў у памеры, прадугледжаным для фізічных асоб. Дакументам вызначанае таксама, што для садоўніцкіх таварыстваў будуць дзейнічаць тарыфы на аказанне паслуг па водазабеспячэнні, рэгуляваныя аблвыканкамамі і Менскім гарвыканкамам. Акрамя таго, садоўніцкія таварыствы вызваляюцца ад абавязковага здавання дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці.
"Указ вызначае прававы статус садоўніцкіх таварыстваў, а таксама парадак іх стварэння, рэарганізацыі і ліквідацыі. Дакументам урэгуляваныя пытанні дзейнасці такіх юрыдычных асоб, замацаваныя правы і абавязкі сяброў садоўніцкіх таварыстваў, кампетэнцыя іх органаў кіравання і парадак прыняцця імі рашэнняў", – зазначылі ў прэс-службе.
Там дадалі, што, паводле дакумента, на садоўніцкія таварыствы і іх сяброў Указам ускладаюцца пэўныя абавязкі па сцвярджэнні схем звароту з адыходамі, якія ўтвараюцца, захаванню супрацьпажарных і санітарных нормаў, абароне раслін, утрыманню сельскагаспадарчых жывёлін, размяшчэнню будынкаў, а таксама па інфармаванні мясцовых органаў улады аб парушэннях зямельнага заканадаўства і наяўнасці ў таварыстве нявыкарыстаных (свабодных) зямельных участкаў.
Раней створаныя садоўніцкія таварыствы абавязаныя прывесці свае ўстаноўчыя дакументы ў адпаведнасць з патрабаваннямі ўказу цягам года пасля ўступлення гэтага нарматыўнага акту ў сілу, падкрэслілі ў прэс-службе.