«Няправільных» вернікаў пакаралі штрафам
- 31.01.2008, 9:16
30 студзеня суддзя Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы Берасцейскай вобласці Аксана Сарахман на 20 базавых велічынь аштрафавала царкву "Новае пакаленне" Аб'яднання суполак хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь за нямэтавае выкарыстанне зямлі.
Па словах прадстаўніка царквы, юрыста Сяргея Луканіна ў 1997 годзе царква набыла ва ўласнасць у Баранавічах склад па вуліцы Смаленскай, 28 для выкарыстання ў якасці храма. "Пасля вернікі звярталіся ў гарвыканкам з просьбай даць суполцы права на пастаяннае карыстанне зямельным участкам для наступнай рэканструкцыі будынка. Аднак гарадскія ўлады адмовілі заяўніку без усякай матывіроўкі", – сказаў С.Луканін.
Паводле яго слоў, 21 снежня 2007 года супрацоўнікі аддзела па зямельных рэсурсах і землеўладкаванні Баранавіцкага гарвыканкама склалі пратакол па артыкуле 15.10 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь аб нямэтавым выкарыстанні зямельнага ўчастку, выдзеленага суполцы на правах арэнды для абслугоўвання будынка склада, але не храма.
"Пра надуманае абвінавачванне царквы сведчыць шэраг фактаў. Так, у адным з лістоў у адрас суполкі гарадскія ўлады загадваюць вернікам праводзіць рэлігійныя мерапрыемствы выключна ў будынку, які ім належыць, а ў другім лісце вінавацяць царкву ў нямэтавым выкарыстанні зямельнага ўчастку з прычыны таго, што там праводзяцца рэлігійныя мерапрыемствы", – адзначыў С.Луканін.
Характэрна, што 10 студзеня 2007 года гэтая ж суддзя спыніла разгляд адміністрацыйнай справы аб прызнанні царквы вінаватай у нямэтавым выкарыстанні зямельнага ўчастку. Сваё рашэнне яна матывавала недастатковасцю аргументаў, прад'яўленых суполцы Баранавіцкім гарвыканкамам.
Змяненне пазіцыі суддзі С.Луканін звязвае з ціскам, аказаным на яе мясцовымі службоўцамі.