Каму ў Беларусі НЕ даюць адрасную дапамогу
8- 31.01.2008, 10:41
Шматдзетнай сям'і з прыбыткамі каля 100 тысяч на кожнага адмовілі ў атрыманні адраснай дапамогі, хоць на такую дапамогу ў праве разлічваць кожны, чые прыбыткі ніжэйшыя за 185 670 рублёў.
«Мой муж пайшоў у выканкам падаваць дакументы на атрыманне адраснай дапамогі. У пашпарце ўбачылі штамп, які ставяць пры выездзе ва Украіну. І сказалі: раз вы былі за мяжой, значыць, нічога вам не трэба. Праз год прыходзьце…
Калі скласці яго зарплату і ўсе выплаты на чацвярых дзяцей, то на кожнага сябра сям'і атрымліваецца прыкладна па 100 тысяч. Менавіта такія сем'і ў Беларусі маюць права на адрасную сацыяльную дапамогу – прыбытак павінен быць не больш як 185 670 рублёў на чалавека. Сям'я Кішко. Менск», – такі ліст прыйшоў ў рэдакцыю «КП в Беларуси».
Журналісты вырашылі пацікавіцца, на якой падставе адмовілі ў адраснай дапамозе шматдзетнай сям'і і каму яшчэ з грамадзян з нізкімі прыбыткамі не выдзеленая такая дапамога.
– Выязны турызм – гэта падстава для адмовы ў выдачы адраснай дапамогі, – распавялі ў Мінпрацы і сацыяльнай абароны Беларусі. – Калі ў чалавека ёсць грошы, каб выехаць за мяжу, то на адрасную дапамогу ён разлічваць не можа.
– Але гэта жа быў не турызм, а паездка на рынак у Хмяльніцкі за таннымі рэчамі для дзяцей, дзе ў некалькі разоў танней. Дзіцячыя футболкі – 1 – 2 даляра. Тры кашулькі для васьмімесячнага дзіцяці – 1 даляр. Коўдра – 9 даляраў, а хадункі, якія ў нас прадаюцца за 70 тысяч, – 10 даляраў. Нават сшыткі сям'я там купляла… Таце купілі туфлі за 12 даляраў! У Менску такіх цэн няма.
– Гэта вы ведаеце толькі са слоў гэтай жанчыны. Калі б яна паехала да блізкіх сваякоў на Украіну (бацьку, маці), то рашэнне аб выдзяленні дапамогі магло б быць прынятае. Адкуль мы можам ведаць, што яна везла рэчы з рынку сваім дзецям, а не на продаж?
Дарэчы
* Калі б сям'я Кішко паехала ў Расею, штампа ў пашпарце не было б. А дапамога была.
* Як маці чацвярых дзяцей Таццяна Кішко можа купляць рэчы з 20%-най скідкай дома, у Беларусі (айчыннай вытворчасці)? Але ўсё роўна дорага атрымліваецца. Напрыклад, дзіцячыя зімовыя чаравікі каштуюць не менш як 100 тысяч. Са скідкай – 80.
Каму яшчэ не дадуць адрасную дапамогу:
- калі ў вас ёсць зямельны ўчастак для вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі або калектыўнага садоўніцтва, але вы нічога на ім не выгадоўваеце;
- калі вы студэнт і вучыцеся за кошт уласных сродкаў;
- здаеце кватэру, лецішча або гараж;
- калі хтосьці з членаў сям’і сядзіць у турме.