Карабіны, гранаты і газ супраць свайго народа (фота, відэа)
20- 31.01.2008, 12:22
25 сакавіка 2006 года падчас разгону дэманстрацыі міліцыя ўжыла "газава-гумовыя" карабіны КС-23, ручныя аэразольныя гранаты "Дрэйф", слёзатачывыя сродкі "Чаромха-1" і "Чаромха-6", гумовыя палкі ПР-73 і кайданкі. Такую выснову можна зрабіць пасля чытання артыкула "Нелетальный исход", апублікаванага сёння ў газеце Адміністрацыі прэзідэнта "Советская Белоруссия". Нягледзячы на відавочнасць фактаў (гл.фота), намеснік начальніка аддзела палка міліцыі спецыяльнага прызначэння ГУУС Менгарвыканкама, падпалкоўнік міліцыі Васіль Свістуноў, які правёў для журналіста Таццяны Шчадронак экскурсію па міліцэйскіх "засеках" спецузбраенняў, гэта адмаўляе.
"Дарэчы, байцы палка светлашумавыя, газавыя і водныя спецсродкі яшчэ ніводнага разу падчас вулічных беспарадкаў не ўжывалі – толькі на трэніроўках. Спадзяемся, на практыцы гэтага рабіць не давядзецца," – сцвярджае ён.
Вось што піша журналіст пра карабіны КС-23

На выгляд карабін КС-23 – грозная зброя. Бяру гэтую "цацку" ў рукі і адчуваю, што ў прыцэле мне яе не ўтрымаць – не мая вагавая катэгорыя. Зрэшты, знешнасць зманлівая. "Насамрэч, – па ходзе інструктуе мяне намеснік начальніка аддзела палка міліцыі спецыяльнага прызначэння ГУУС Менгарвыканкама, падпалкоўнік міліцыі Васіль Свістуноў, – КС зараджаецца патронамі з газавымі і гумовымі кулямі".
Такая зброя можа зламаць волю да супраціву, скажам, узброенага злачынца, але не пазбавіць жыцця. Мадэлюем сітуацыю: бандыт атуліўся ў кватэры шматпавярховага дому. Ёсць рызыка, што ён адкрые агонь. З дапамогай "газава-гумовага" карабіна ўціхамірыць віноўніка перапалоху можна вельмі лёгка. Баец плаўна націскае на цынгель і газавая куля, выпушчаная з 50 метраў (умоўна стралок знаходзіцца ў пад'ездзе дому насупраць), з лёгкасцю прабівае падвойную шыбу, адскоквае ад столі, падае на пол, і праз секунду ў паветры завісае шэрае воблака, якое запоўніла пакой. Нават у 10 метрах ад месца прызямлення кулі знаходзіцца практычна немагчыма. Слёзы – градам, у горле – пажар. А ужо таму, каго слёзатачывае рэчыва агорне з ног да галавы, і зусім не пазайздросціш. У эпіцэнтры выбуху канцэнтрацыя "каталізатара" слёзнай рэакцыі здольная вырубіць нават слана. Так што правакаваць вартавых парадку на ўжыванне КС я б не раіла.


На чарзе – аэразольныя гранаты "Дрэйф"

Падчас вулічных беспарадкаў адным патронам на сітуацыю не паўплываеш. Патрабуецца сродак больш магутны. Ручная аэразольная граната "Дрэйф" – тое, што трэба. Аб'ём аэразольнага воблака, якое выклікае моцнае раздражненне слізістай, – 50 кубічных метраў. Некалькіх гранат хопіць на сярэдніх памераў гарадскую плошчу.

Цяпер пра "Чаромху"


Самыя блізкія сваякі "Дрэйфу" – слёзатачывыя сродкі з сямейства "Чаромх". На ўзбраенні ў спецыяльнай міліцыі – гранаты "Чаромха-1" і "Чаромха-6". Прынцып іх дзеяння такі: пры прызямленні гранаты дэтанатар прыводзіць у дзеянне хімічныя кампаненты і з корпуса пачынае валіць з'едлівы дым. Прычым, у адрозненне ад першай канструкцыі, шостая валодае бясспрэчнай перавагай: пластмасавы цыліндр нельга схапіць і адкінуць у бок – у "заведзеным" стане ён круціцца, як ваўчок.

Астатнія спецсродкі
Уяўляеце сабе дзікі роў рокерскага матацыкла? Дык вось, у параўнанні з шумавым эфектам некаторых спецсродкаў гук такога рухавіка, лічы, – гудзенне пчалы. Упэўнілася асабіста. Светлагукавая прылада "Заря-2" такая маленечкая, што папросту змяшчаецца на далоні. А між іншым гэтая малютка здольная грукатаць з сілай 172 дэцыбела. Дадатковы спецэфект – яркі сляпучы выбліск святла. У спалучэнні з гукам – выпрабаванне не для слабанервных, душа сыходзіць у пяткі. Мініятурная "Заря", сведчаць прафесіяналы, проста незаменная пры штурмах будынкаў.
Светлашумавая граната "Терен-7М" добрая тым, што прызначаная для шматразовага выкарыстання. У металічны цыліндр складзены зарад з магутным піратэхнічным эфектам. "Салют", асабліва ў цёмны час сутак, атрымліваецца такі, што чалавек, які апынуўся зблізку выбуху, цягам некалькіх секунд застаецца нерухомым. Яшчэ б, бо па відовішчнасці "Терен" у дзеянні не саступіць вывяржэнню вулкана. Адна граната здольная пасеяць паніку сярод вялізнай колькасці людзей.
Спецаўтамабіль "Цунамі" астудзіць запал у лічаныя секунды. У рэзервовай ёмістасці змяшчаецца да 7 тон вады. Адначасова працуюць два брандспойта. Далёкасць бруі – 100 метраў. І што характэрна, у адрозненне ад папярэдніх спецсродкаў "халодны душ" – беларуская распрацоўка, створаная на аснове МАЗа.

Правілы разгону дэманстрацыі
Трэба дадаць, што ўжыванне супрацоўнікамі міліцыі ўсіх пералічаных прыстасаванняў строга рэгламентаванае. Каб звярнуцца да дапамогі "Дрэйфу" або "Зари", трэба атрымаць адпаведны дазвол.
– Падчас несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў ствараецца штаб, які кіруе дзеяннямі міліцыі, – знаёміць з юрыдычнымі тонкасцямі Васіль Свістуноў. – Кіраўнік штаба дае каманду, якую абраць тактыку. На ўласную думку (зыходзячы з становішча) нашы супрацоўнікі могуць ужыць гумовую палку ПР-73, кайданкі і газавы балон. Што тычыцца іншых выглядаў несмяротнай зброі, патрэбен загад камандзіра. Дарэчы, байцы палка светлашумавые, газавыя і водныя спецсродкі яшчэ ніводнага разу падчас вулічных беспарадкаў не ўжывалі – толькі на трэніроўках.

25.03.2006 – як гэта было
Больш за 10 тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы Менска 25 сакавіка 2006 года ў Дзень Волі, праз тыдзень пасля прэзідэнцкіх выбараў. Супраць мірных дэманстрантаў былі кінутыя тысячы супрацоўнікаў сілавых структур, выкарысталі ўвесь пералік спецсродкаў: дымавыя шашкі, шумавыя гранаты, слёзатачывы газ, гумовыя кулі з спецыяльных карабінаў. Мірна пратэстуючых людзей збівалі да страты прытомнасці і крыві, шматлікіх супрацоўнікі "Хуткай дапамогі" выносілі на насілках. Дыктатура чарговым разам паказала, што трымаецца толькі на багнетах. Кветкам і мірным лозунгам дыктатарскі рэжым супрацьпаставіў зброю.

Святкаванне Дня Волі павінна было пачацца а 12 гадзіне на Кастрычніцкай плошчы Менска. Аднак, плошча была ачэпленая супрацоўнікамі міліцыі і АМАПа і абнесеная спецыяльнай агароджай. Тым не менш, на прылеглых да плошчы вуліцах змаглі сабрацца тысячы чалавек. Супраць людзей былі выстаўленыя тысячы супрацоўнікаў сілавых структур – АМАПа, СОБРа, спецназу, міліцыі і ўнутраных войскаў. Рух па праспекце Скарыны (Незалежнасці) быў цалкам перакрыты.
Пасля некалькіх беспаспяховых спроб выйсці на праспект Скарыны, калоны людзей зрушыліся праз Нямігу і вуліцу Багдановіча ў парк Янкі Купалы, куды прыбыў адзіны кандыдат у прэзідэнты ад дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч. Калоны рухаліся з розных частак горада пад нацыянальнымі сцягамі і скандавалі "Свабоду!".
Кандыдат у прэзідэнты, былы рэктар БДУ Аляксандр Казулін заклікаў удзельнікаў акцыі ісці пасля мітынгу да спецпрыёмніка-размеркавальніку на Акрэсціна, каб "дамагацца вызвалення новых герояў Беларусі". 10-тысячная калона дэманстрантаў накіравалася да спецпрыёмніка, скандуючы "Слава героям!" і "Свабоду палітвязням!". Мірная дэманстрацыя была спыненая кардонамі АМАПа, спецназу і ўнутраных войскаў, якія перакрылі рух ля Маскоўскага райвыканкама. На мірных дэманстрантаў, якія ішлі з кветкамі і паветранымі шарыкамі сілавікі накінуліся з звярынай калянасцю. Аддаваў каманды камандзір СОБРа Дзмітрый Паўлічэнка, падазраваны міжнароднай супольнасцю ў забойствах і выкраданнях лідэраў апазіцыі.

Супраць дэманстрантаў быў скарыстаны ўвесь набор спецсродкаў – дымавыя шашкі, шумавыя гранаты, слёзатачывы газ, гумовыя кулі. Гранаты разрываліся проста над галовамі людзей. Скрываўленых пратэстантаў выносілі на насілках. У большасці былі разбітыя галовы. Тое, што не зрабілі гранаты, завяршылі сілавікі. Яны накідваліся на людзей, цягнулі іх за валасы па зямлі і наводмаш білі дубцамі: па галовах, спінах, нагах. Дзяўчат былі кулакамі ў твар.


Збітых, скрываўленых людзей пасля грузілі ў аўтазакі і везлі. У той дзень былі арыштаваныя больш за сотню ўдзельнікаў мірнага пратэсту. Менскі суд прысудзіў Аляксандра Казуліна да 5,5 гадоў турэмнага зняволення, якое ён адбывае да сёння.

