Асьцярожна: межы зачыняюцца!
17- 31.01.2008, 15:40
Аляксандра Баразенку, які навучаецца ў Польшчы паводле адукацыйнай праграмы імя Каліноўскага, ня выпусьцілі за мяжу.
Як высветлілася ўжо на памежным пераходзе, хлопец знаходзіцца ў базе асобаў, якім забаронена выяжджаць зь Беларусі. Памежнікі паведамілі, што ягоныя дадзеныя ў базу ўнесла Міністэрства абароны – нібыта за тое, што А.Баразенка мае запазычанасьць перад ваенкаматам, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Студэнт адукацыйнай праграмы імя Каліноўскага паказаў памежнікам даведку прызыўной камісіі, дзе напісана, што ён мае адтэрміноўку, бо зьяўляецца студэнтам. Памежнікі прызналіся, што такое здараецца часта, але ўсё адно не прапусьцілі хлопца празь мяжу.
Аляксандр Баразенка прыехаў у Беларусь на калядныя вакацыі. За ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня адседзеў 15 сутак арышту, пасьля чаго зьбіраўся вярнуцца ў Польшчу для працягу вучобы.