19 траўня 2024, Нядзеля, 19:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Івашкевіч: «Моладзі трэба браць ініцыятыву на сябе»

2
Віктар Івашкевіч: «Моладзі трэба браць ініцыятыву на сябе»

2 лістапада ў Менску адбудзецца акцыя, прымеркаваная да Дзядоў. Пра тое, як ідзе падрыхтоўка да акцыі распавядае намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч. У гэтым годзе партыі спаўняецца 20 гадоў.

- Што такое 20 год для арганізацыі ў прынцыпе? І што такое 20 год для палітычнай арганізацыі ў беларускіх ўмовах?

- 20 год – гэта цэлае жыцьцё, бо ёсьць сябры БНФ, якія нарадзіліся, калі БНФ быў ужо створаны. Добра, што арганізацыя жыве, у яе прыходзіць моладзь, і зь іншага боку засталіся працаваць людзі, якія засноўвалі Фронт. Гэта паказвае жыцьцяздольнасьць ідэі, якая гэтую арганізацыю стварыла. Ёсьць небясьпека карыстацца раней здабытымі скарбамі, якія заваявала арганізацыя раней, думаючы, што сёньня можна жыць на раней назапашаным капітале. Гэта, я лічу, памылкова. Я прыхільнік таго, каб мэмарыяльная частка адзначэньня была меншай, а большая частка была накіраваная на разьвіцьцё далейшае. Аналізуючы досьвед 20-гадовай працы і нешта адтуль беручы, трэба мець на ўвазе, што новая вайна – заўсёды новая вайна, і немагчыма перамагчы, цалкам скапіраваўшы мэтады змаганьня, якія былі 20 год таму.

- А што трэба рабіць з назапашаным раней капіталам, з гэтам скарбам?

- Аснова таго, што было ў тым выбуху, які распачаўся 20 год таму, - ўзьнікненьне творчасьці нацыянальна сьвядомых мас. Тады мы спрыялі і ўсяляк гэтаму дапамагалі, стымулявалі самастойную творчасьць людзей, якія былі аб’яднаныя агульнай ідэяй і агульнай задачай. Задача была – дамагчыся незалежнасьці і скінуць дыктатуру кампартыі. Мы заўсёды вельмі прыхільна ставіліся да дзейнасьці розных арганізацый унутры Фронту, побач з Фронтам. Гэта і Рабочы саюз, які займаўся рабочымі, і маладзёвыя арганізацыі, і нават утварэньне партыі. Трэба памятаць, што ўтварэньне Беларускай сацыял-дэакратычнай Грамады было інсьпіраванае кіраўніцтвам Фронту для таго, каб мець магчымасьць увабраць былых камуністаў, якія не маглі далучыцца непасрэдна да БНФ. Дэлегаваны на гэтую працу быў адзін з намесьнікам старшыні Фронту Міхась Ткачоў. Вось і сёньня арыентыр мусіць на тое, што мы павінны не даваць загады, а ставіць задачы. За апошні час мы прызвычаіліся даваць загады, а людзі прызвычаіліся выконваць загады. Зараз трэба перад людзьмі ставіць задачу, а людзі самі павінны вырашаць, як яны гэтую задачу будуць выконваць. Хаця шмат хто ня хоча гэтым займацца, бо выконваць загады, вядома, прасьцей, чым самастойна браць на сябе адказнасьць. Выхад на аўтаномныя структуры, на ініцыятывы – гэта той стратэгічны падыход, які быў 20 год таму. Лічу, што зараз мы павінны да гэтага вярнуцца, максымальна ўцягнуўшы людзей у творчасьць па змаганьні за дэмакратычную эўрапейскую Беларусь.

- Што Вам найбольш запомнілася з часоў заснаваньня БНФ?

- Я тады ўваходзіў у кіраўніцтва Канфэдэрацыі беларускіх маладзёвых суполак. У Аргкамітэт БНФ я не ўваходзіў. Мы бачылі, што Аргкамітэт БНФ складаецца з розных людзей, у тым ліку з тых, хто баіцца рэзкіх крокаў, баіцца нарабіць памылак. Разумеючы гэта, мы, моладзь, часта бралі ініцыятыву ў свае рукі і падштурхоўвалі да чагосьці нашых старэйшых сяброў. Так, напрыклад, 19 кастрычніка, калі рыхтавалася паседжаньне “Мартыралёгу”, мы вырашылі, што мы даможамся абвяшчэньня Аргкамітэту БНФ. Я кіраваў дружынай. Мы падрыхтавалі павязкі для дружыньнікаў, якія былі чырвоныя з аднаго боку і бел-чырвона-белыя зь іншага. Мы плянавалі падчас абвяшчэньян Аргкамітэту стаць з чырвоных бел-чырвона-белымі. На тым сходзе былі заплянаваныя выступу Вінцука Вячоркі і Алеся Сушы, якія прыехалі ў Менск у ваеннай форме са збораў. Тады яшчэ ўсе сказалі: “Армія з намі!”. Першая пра тое, што трэба ісьці далей, і пра Беларускі Народны Фронт сказала Галіна Суша, жонка Алеся Сушы. Менавіта гэтыя выступу падштурхнулі Зянона Пазьняка абвясьціць Аргкамітэт. Калі стварыўся Аргкамітэт і пачаліся яго сходы ў Доме літаратара, то пачаліся размовы пра тое, каб правесьці Дзяды. Тады Аргкамітэт адмовіўся ўзначаліць гэтую акцыю. І ініцыятыву ўзяла Канфэдэрацыя беларускіх маладзёвых суполак, якая распаўсюдзіла ўлёткі, падрыхтавала сьцягі. Натуральна, большая частка Аргкамітэту прыйшла на Дзяды. Але калі б моладзь не зрабіла, то акцыя і не адбылася б. З гэтага мараль: нашым моладзевым актывістам трэба часьцей браць на сябе ініцыятыву і не чакаць, калі ім аддадуць загад. А старэйшыя падтрымаюць. А не падтрымаюць, то хай сьпяць на пячы.

- Як Вы будзеце сьвяткаваць 20-годзьдзе БНФ?

- 20-годзьдзе БНФ, безумоўна, зьвязанае з шэсьцем Дзяды. Бо менавіта разам з тымі Дзядамі ў 1988 годзе нараджаўся Фронт. Я падавальнік заяўкі на правядзеньне шэсьця ў гэтым годзе. Гісторыя маёй дзейнасьці ў дэмакратычным руху пачыналася 20 гадоў таму з гэтай акцыі – я ўзначальваў дружыну. Буду сёньня, як і 20 гадоў таму, займацца арганізацыяй акцыі і несьці юрыдычную адказанасьць за яе. Акцыя Дзяды жалобная, але ня сумная і не трагічная. Мы ўзгадваем продкаў. А памяць продкаў заўсёды дапамагала людзям дзейнічаць сёньня. Беларусы заўсёды былі перакананыя, што продкі, іх дух дапамагаюць у цяжкія часы. Вяртаньне да традыцыяй, да нашых продкаў павінна дапамагчы нам узьняць сьцяг і змагацца за свабоду.

- Што Вы хочаце пажадаць БНФ на 20-годзьдзе?

- Я жадаю ўсім сябрам БНФ 2 лістапада в 12-ай гадзіне не збаяцца, не паленавацца і ўзяць у рукі наш бел-чырвона-белы сьцяг. Нагадаю, што 20 год таму назад бел-чырвона-белы сьцяг быў узьняты публічна ўпершыню з часоў 40-х гадоў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках