Чыноўнікі крадуць мільёны даляраў
1- 14.10.2008, 17:46
Былы старшыня Шчорсаўскага сельскага выканаўчага камітэта Наваградскага раёна (Гарадзенская вобласць) Віктар Свякла прысуджаны да працяглага тэрміна пазбаўлення волі за буйны крадзеж чэкаў «Жыллё».
«Суд Наваградскага раёна прысудзіў да 6 гадоў пазбаўлення волі і канфіскацыі маёмасці былога старшыню Шчорсаўскага сельскага выканаўчага камітэта В.Свяклу», - паведамілі агенцтву «Интерфакс-Запад» у Генеральнай пракуратуры Беларусі.
«Падчас следства было выяўлена, што ў 1997 годзе жыхарамі Шчорсаўскага сельсавета Наваградскага раёна, якія не патрабуюць паляпшэння жыллёвых умоваў, імянныя прыватызацыйныя чэкі «Жыллё» былі здадзеныя ў сельскі выканаўчы камітэт для абмену на чэкі «Маёмасць», - паведамілі ў Генпракуратуры.
«Чэкі не былі своечасова перададзеныя ў раённае аддзяленне ААТ "Беларусбанк" для пагашэння, а пакінутыя на захаванне ў кабінеце галоўнага бухгалтара сельскага выканкама. Скарыстаўшыся бескантрольнасцю з боку раённага выканаўчага камітэта, старшыня В.Свякла у 2002 годзе з мэтай незаконнага продажу чэкаў за Br 4 млн уступіў у змову з раней двойчы судзімым за цяжкія злачынствы жыхаром Гомельскай вобласці», - распавялі ў Генпракуратуры.
Там таксама адзначылі, што «намінальная вартасць выкрадзеных імянных прыватызацыйных чэкаў «Жыллё» з улікам індэксацыі, якая праводзіцца штогод, склала больш за Br2,9 млрд (1 мільён 350 тысяч даляраў ЗША)».
Прысуд В.Свякле быў вынесены на падставе арт. 210 (крадзеж дзяржаўнай маёмасці шляхам злоўжывання службовым становішчам у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Беларусі, паведамілі ў Генпракуратуры.