Мільён беларусаў жывуць за рысай жабрацтва
8- 17.10.2008, 12:21
17 кастрычніка – Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю жабрацтва. Паводле незалежных экспэртаў, у Беларусі за рысай беднасьці жыве кожны дзясяты.
У 1992 годзе Генэральная асамблея ААН абвясьціла 17 кастрычніка Міжнародным днём ліквідацыі жабрацтва з мэтай падвысіць усьведамленьне неабходнасьці барацьбы за ліквідацыю жабрацтва і нястачы ва ўсіх краінах, паведамляе “Радыё Свабода”.
Эканаміст Міхал Залескі зьвяртае ўвагу на тое, што ў беларускім заканадаўстве нават панятку беднасьці няма.
“У нас заўсёды нешта выдумляюць. У тут нашы неакамуністы выдумалі панятак “малазабясьпечаныя”. Але што такое “мала”? Калі лічыць па беларускіх падыходах, то найбольш было бедных у 1999-2000 годзе – паводле ацэнак Сусьветнага Банку, 47 працэнтаў. Потым яна пачала зьніжацца, бо пайшлі някепскія даходы ад нафты, і можна было больш кінуць на фонды сацыяльнага спажываньня, узьняць пэнсіі”, - тлумачыць экспэрт.
Па ягоных словах, на сёньняшні дзень пяць адсоткаў людзей у Беларусі – 500.000 чалавек -- недаядаюць да таго ўзроўню, які патрэбны нармальнаму чалавеку, каб не галадаць.
“Гэта альбо сацыяльныя маргіналы – п’яніцы, наркаманы, дзеці такіх людзей – альбо сацыяльныя пэнсіянэры, частка інвалідаў, маці дзяцей-інвалідаў і гэтак далей. Гэта людзі, якія маюць прыбыткі менш за 150 тысячаў рублёў у месяц на чалавека – гэта 2,5 даляры на дзень, - працягвае спадар Залескі.
Экспэрт таксама заўважае, што ёсьць 15 адсоткаў беларусаў – 1 500.000 -- праядаюць усё, што зарабляюць – гэта таксама бедныя, бо ў іх не застаецца грошаў ні на што іншае.
“Большасьць – гэта наша беларуская “сярэдняя кляса”, сярэднія па беларускіх мерках, але бедныя паводле эўрапейскіх. Ну і каля 10 адсоткаў насельніцтва да бедных не адносяцца нават паводле эўрапейскіх меркаў”, - падсумоўвае Міхал Залескі.
Ён лічыць, што Беларусь змагаецца з беднасьцю далёка ня лепшым шляхам, хаця й заяўляе сабе як “сацыяльная дзяржава”.
“Засталася савецкая звычка “бамбіць па вялікіх плошчах”. Няма індывідуальнага падыходу, даецца ўсім пароўну, не пытаючыся, каму што трэба. Аднаму можа патрэбны кавалак мяса, другому лекі, трэцяму – за камунальныя паслугі заплаціць. А ў Беларусі “катэгарыяльны падыход” – ёсьць людзі, якія належаць да катэгорыі, якая патрабуе дапамогу”, - зазначае эканаміст.
Ён спадзяецца, што з цягам часу Беларусь пяройдзе на іншы падыход, калі будуць два каналы дапамогі – дабрачыннасьць і заяўляльны прынцып. Тады алавек будзе зьвяртацца па дапамогу, і яму будуць даваць яе з улікам ягонай маёмасьці.
“Памятаю, амэрыканская экспэртка, зь якой мы працавалі ў Беларусі, была вельмі зьдзіўленая. Прыйшла жанчына, просіць дапамогі. Амэрыканка пытаецца, якая ў вас кватэра? Тая адказвае – трохпакаёвая ў Менску. Дык амэрыканка кажа – дык прадайце гэтую кватэру, купіце іншую. Ў Цюцькавічах і жывіце заможна да самой сьмерці, грошай хопіць. “Не!” – адказвае наша жанчына”, - узгадвае Міхал Залескі.
Ён падкрэсьлівае, што ў беларусаў яшчэ існуе “сваё” разуменьне беднасьці, якое не ўлічвае маёмасьць і нерухомасьць. То бок многія людзі недаядаюць, жывучы ў кватэрах коштам па 150 тысяч даляраў, разьлічваючы іх перадаць сваім дзецям.
“У нас яшчэ іншы мэнтальны падыход да гэтай праблемы”, - канстатуе эканаміст.