28 красавiка 2024, Нядзеля, 19:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыя супраць акцыі салідарнасці з палітвязнем (Фота)

Чарговую акцыю моладзі, якая патрабавала вызвалення палітзняволенага Аляксандра Баразенкі, каля следчага ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Менску спрабавала разагнаць міліцыя.

Акцыі ля СІЗА з патрабаваннем вызваліць Баразенку праходзяць у Менску кожны дзень. Учора да ізалятара з партрэтамі вязня сумлення зноў прыйшлі актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», ініцыятывы «Маладая Беларусь», «Маладога Фронту» і арганізацыі «Маладыя дэмакраты». Аднак супрацоўнікі міліцыі ізноў справабавалі разагнаць акцыю. Праўда, праз нейкі час міліцыянты пакінулі апазіцыянераў у спакоі, і гэтым разам ніхто затрыманы не быў.

21 лістапада ля ізалятара былі затрыманыя 9 апазіцыянераў. Траіх з іх вызвалілі практычна адразу, а шасцярых адвезлі ў Маскоўскі РУУС сталіцы, дзе падвергнулі дактыласкапіі і адпусцілі толькі праз 3 гадзіны без складання пратаколаў.

22 лістапада супрацоўнікамі міліцыі былі арыштаваныя 15 удзельнікаў акцыі салідарнасці з палітвязнямі. Большасць затрыманых -- актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», але ў аддзяленне міліцыі таксама патрапілі прадстаўнікі ініцыятывы «Маладая Беларусь» і арганізацыі «Маладыя дэмакраты». Сярод затрыманых былі Максім Вінярскі, Паліна Дзьякова, Паліна Кур'яновіч, Міхаіл Пашкевіч, Багуслаў Равяка, Артур Фінькевіч і іншыя.

Была таксама затрыманая фотакарэспандэнт газеты «Наша Ніва» Юлія Дарашкевіч. Як паведаміла прэс-цэнтру Хартыі’97 Юлія Дарашкевіч, міліцыянты затрымоўвалі яе з ужываннем сілы, не звяртаючы ўвагі на яе журналісцкае пасведчанне.

Сярод затрыманых апынулася родная цётка палітвязня Баразенкі. Нягледзячы на ўзрост жанчыны, супрацоўнік міліцыі Сяргей Цітоў вельмі груба абыходзіўся з ёй – штурхаў у машыну разам з астатнімі ўдзельнікамі акцыі.

У аддзяленні міліцыі ўдзельнікаў акцыі салідарнасці пратрымалі больш за гадзіну і вызвалілі, падвергнуўшы дактыласкапіі некалькіх чалавек.

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка быў арыштаваны 27 кастрычніка прама ў будынку Следчага камітэта папярэдняга расследавання ГУУС Менгарвыканкама, куды ён прыйшоў на допыт. Апазіцыянер з'яўляецца адным з абвінавачваных па «справе 14-ці» - крымінальнай справе, узбуджанай па арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь у адносінах ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года. Характэрна, што арышт адбыўся фактычна адразу пасля адмены Еўразвязам санкцый у адносінах высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.

Фота Юліі Дарашкевіч, «Наша Ніва»

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках