17 чэрвеня 2026, Серада, 11:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пасля акцыі «Дзяды» міліцыянты зьбілі актывістаў «Маладога Фронта»

10

Актывісты «Маладога Фронту» Юры Багдановіч і Сямён Былінскі былі моцна зьбіты па вяртаньні ў Баранавічы з акцыі «Дзяды», што прайшла ў Менску.

Як распавёў сайту “Маладога Фронта” Юры Багдановіч, на вакзале да іх падышлі міліцыянты ў цывільным і папрасілі паказаць дакумэнты.

“У аднаго з нашых сябраў не было пры сабе пашпарта, таму міліцыянты хацелі яго адвезьці ў РАЎС. Калі я запытаўся, зь якой мэтаю, атрымаў вельмі моцны ўдар у пячонку, ад нечаканасьці і болю я пахіснуўся і выпадкова закрануў рукою другога міліцыянта, - распавядае Юры Багдановіч. - Міліцыянты з крыкамі, што я іх зьбіваю, з кулакамі кінуліся на мяне”.

Сямён Былінскі пачаў абараняць сябра, у выніку міліцыянты затрымалі іх абодвух. Імёны міліцыянтаў: Златкус А.Б. і Рулінскі В.М. – старэйшы сяржант.

У РАЎСе на маладафронтаўцаў склалі па некалькі пратаколаў за лаянку матам, дробнае хуліганства і супраціў міліцыі. “У адзьдзеле міліцыі нас абражалі, абяцалі паламаць ногі, калі мы не падпішам хлусьлівыя пратаколы”, - кажа Юры Багдановіч. Пратаколы хлопцы не падпісалі.

Раніцою Юрыя Багдановіча без тлумачэньняў адпусьцілі на волю, а Сямёна Былінскага адвезьлі ў суд.

“Гадзіне а 16 мяне пачалі судзіць, - гаворыць Сямён Былінскі. – Міліцыянт распавёў хлусьлівую гісторыю аб тым, як маладафронтаўцы спрабавалі зьбіць супрацоўнікаў міліцыі. Судзьдзя аказалася справядлівай жанчынай і, выслухаўшы маю вэрсію падзей, адпусьціла мяне на свабоду. Такім чынам пратаколы будуць пераглядацца, на новы судовы працэс будуць запрошаны сьведкі і з нашага боку”.

Зьбітыя маладзёны бліжэйшымі днямі пададуць скаргу на дзеяньні міліцыянтаў ў пракуратуру.

Гэта ўжо ня першы выпадак зьбіцьця маладафронтаўцаў у Баранавічах. Літаральна месяц назад, пасьля акцыі 28 верасьня супраць фальсіфікацыі вынікаў “парламенцкіх выбараў”, невядомыя людзі зьбілі на вакзале актывістаў мясцовай філіі “Маладога Фронта”, што вярнуліся зь Менску.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках