17 чэрвеня 2026, Серада, 11:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Арменія і Азербайджан падпісалі дэкларацыю па Нагорным Карабаху

Сустрэча прэзідэнтаў Расеі, Арменіі і Азербайджана, на якой абмяркоўваліся шляхі ўрэгулявання канфлікту вакол Нагорнага Карабаха, скончылася падпісаннем сумеснай дэкларацыі.

Лідэры Арменіі і Азербайджана даручылі кіраўнікам МЗС сваіх краін актывізаваць перамовы па ўрэгуляванні нагорнакарабахскага канфлікту, перадае радыёстанцыя ВВС.

У тэксце дакумента гаворыцца, што бакі будуць спрыяць аздараўленню сітуацыі на Паўднёвым Каўказе і ўсталяванню ў рэгіёне становішча стабільнасці.

Як паведамляе «Інтэрфакс», бакі пагадзіліся, што "дасягненне мірнага ўрэгулявання павіннае суправаджацца юрыдычна абавязваючымі міжнароднымі гарантыямі ўсіх яго аспектаў і этапаў".

Эксперты адзначаюць, што хаця ў падпісанай дэкларацыі толькі заяўляецца намер працягваць дыялог, гэта першы з 1994 года дакумент, пад якім побач стаяць подпісы армянскага і азербайджанскага лідэраў.

Па словах прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Мядведзева, які таксама прымаў удзел у перамовах, Арменія і Азербайджан таксама вырашылі працягваць дыялог у межах так званай Менскай групы АБСЕ.

"Мы прадметна і змястоўна абгаварылі перспектывы ўрэгулявання нагорна-карабахскага канфлікту палітычнымі сродкамі, шляхам працягу прамога дыялогу паміж Азербайджанам і Арменіяй пры пасярэдніцтве Расеі, ЗША і Францыі ў якасці сустаршыняў Менскай групы АБСЕ", - адзначыў Мядведзеў.

Аліеў і Саргсян пасля перамоваў на пытанні журналістаў не адказвалі.

Спрэчкі аб статусе

Пасля завяршэння сустрэчы было таксама абвешчана, што прэзідэнты Азербайджана і Арменіі маюць намер і далей сустракацца для ўзгаднення этапаў палітычнага ўрэгулявання канфлікту.

Масква іграла пасрэдніцкую ролю ў гэтых перамовах, што, па адзнаках назіральнікаў, адлюстроўвае высілкі Расеі ўмацаваць свой уплыў у Закаўказзі пасля расейска-грузінскага канфлікту ў жніўні гэтага года.

Прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян раней заяўляў, што, па ягоным меркаванні, прызнанне Азербайджанам права народа Нагорнага Карабаха на самавызначэнне з'яўляецца адной з умоваў рашэння праблемы.

Са свайго боку азербайджанскі прэзідэнт Ільхам Аліеў пасля абрання на пост кіраўніка дзяржавы заявіў, што Нагорнаму Карабаху не будзе прадастаўленая незалежнасць, і рашэнне канфлікту магчыма толькі пры ўмове захавання тэрытарыяльнай цэласнасці Азербайджана.

Нагорны Карабах фармальна з'яўляецца часткай Азербайджана, аднак пасля ўзброенага супрацьстаяння ў пачатку 1990-х гадоў кантроль над гэтай вобласцю захоўваюць этнічныя армяне.

Канфлікт паміж Азербайджанам і Арменіяй пачаўся ў 1988 годзе, калі населены пераважна армянамі Нагорны Карабах заявіў аб выхадзе са складу Азербайджанскай ССР.

У 1991 годзе было абвешчана аб стварэнні Нагорна-Карабахскай Рэспублікі. Поўнамаштабныя баявыя дзеянні паміж Арменіяй і Азербайджанам атрымалася спыніць падпісаннем дамовы аб перамір'і 12 маяя 1994 года.

Самаабвешчанае ўтварэнне не прызнанае ні адной краінай свету, уключаючы Арменію.

За гады вайны загінула больш за 30 тысяч чалавек. Каля мільёна былі вымушаныя пакінуць свае дамы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках