Кіраўнік Асацыяцыі беларускіх банкаў: Насельніцтва не будзе давяраць рублю, а кліенты -- банкам
9- 12.12.2008, 16:05
Эксперты пералічылі верагодныя пагрозы для фінансавай сістэмы Беларусі.
З-за фінансавага і эканамічнага крызісу ў лютым—сакавіку 2009 года ў Беларусі замарудзіцца тэмп росту экспарту. Такое меркаванне на адкрытым форуме "Уплыў сусветнага фінансавага крызісу на беларускія прадпрыемствы: новыя магчымасці — новыя рашэнні" 12 снежня ў Менску выказаў старшыня Асацыяцыі беларускіх банкаў Фелікс Чарняўскі.
Ён канстатаваў, што беларуская эканоміка "мае высокую ступень адкрытасці, залежнасць ад знешніх паставак энергарэсурсаў і экспарту прадукцыі". Па словах эксперта, экспарт тавараў і паслугаў у першым паўгоддзі 2008 года склаў 75,1% да ВУП, імпарт — 79,4%. "Эканамічны крызіс у пачатку наступнага года ў першую чаргу закране экспартаарыентаваныя прадпрыемствы", — лічыць Ф.Чарняўскі.
Знешнеэканамічную дзейнасць ён назваў "адным з каналаў пранікнення крызісу ў беларускую эканоміку".
Другім каналам з'яўляецца знешняе запазычванне, адзначыў Ф.Чарняўскі. Знешні доўг за першае паўгоддзе 2008 года склаў 14,1 млрд. даляраў, з якіх больш 66% — кароткатэрміновы. З агульнага аб'ёму знешняга доўгу дзяржаўны доўг складае каля 2 млрд. даляраў, банкаў — каля 3 млрд. даляраў. Астатняя частка — карпаратыўныя даўгі.
Сярод пагрозаў крызісу для фінансавай сістэмы Беларусі Ф.Чарняўскі назваў зніжэнне магчымасцяў для росту рэсурсавай базы банкаў і зніжэнне прапановаў па крэдытных партфелях банкаў, асабліва тых, якія атрымлівалі рэсурсы з-за мяжы.
Акрамя гэтага, "існуе пагроза зніжэння валютных рэзерваў Нацбанка, зніжэнне капіталізацыі падчас дэвальвацыі рубля, пагроза недаверу насельніцтва да беларускага рубля, пагроза недаверу кліентаў да банкаў".