Уступленне Расеі ў СГА адкладаецца
- 2.12.2008, 9:08
Уступленне Расеі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю адкладаецца з-за змены ўлады ў ЗША, а таксама з-за Дахійскага раўнда.
Аб гэтым заявіў галоўны расейскі перамоўшчык, дырэктар дэпартамента гандлёвых перамоў Мінэканамразвіцця Максім Мядведкаў.
У ЗША цяпер, пакуль ідзе змена ўлады, "перыяд ліхалецця і пасіўнасці". "Гэта адна з галоўных прычын. А іншая - тое, што шматлікія краіны хочуць завяршыць Дахійскі раўнд", - сказаў М.Мядведкаў у эфіры радыёстанцыі "Эхо Москвы". Сусветны крызіс, па ягоных словах, на тэмпы перагаворнага працэсу не паўплываў.
Чыноўнік нагадаў, што да завяршэння Дахійскага раўнда, які зацягнуўся на доўгія гады, заклікалі кіраўнікі краін АТЭС на саміце ў Пяру, а таксама лідэры G20 на сустрэчы ў ЗША. Па словах М.Мядведкава, наступны раўнд перамоў, які пройдзе ў снежні, будзе цалкам прысвечаны Дахійскаму раўнду, а на Расею часу не хопіць.
Нагадаем, Масква вядзе перамовы аб далучэнні да СГА з 1993г. Міністэрства эканамічнага развіцця (МЭР) РФ спадзяецца, што Расея ўступіць у СГА з 1 студзеня 2010г. Такое меркаванне раней выказаў намеснік дырэктара дэпартамента гандлёвых перамоў МЭР Андрэй Кушнярэнка.
Па ягоных словах, увазныя пошліны будуць паніжаныя толькі праз год пасля ўступлення Расеі ў СГА. Адкрыццё рынка будзе адбывацца з 2011г., а пераходны перыяд для змены тарыфаў складае 3-4 гады.