Беларусы таксама адмовіліся ехаць у Пензу на кангрэс няўрадавых арганізацыяў
3- 3.12.2008, 16:17
Беларускі Хельсінкскі камітэт адмовіўся ад удзелу ў Трэцім рэгіянальным кангрэсе няўрадавых арганізацыяў Рады Еўропы, які павінен прайсці 4—7 снежня ў Пензе.
Аб гэтым БелаПАН паведаміў старшыня БХК Алег Гулак. "Мы планавалі ўдзел у гэтым кангрэсе, уваходзілі ў групу па яго падрыхтоўцы з боку Беларусі, але мы адмовіліся ўдзельнічаць, таму што падтрымалі пазіцыю нашых расейскіх калегаў, — сказаў ён. — Сутнасць гэтай пазіцыі заключаецца ў тым, што фактычна гэта не кангрэс НУА, а сустрэча з уладай, таму што фармат падрыхтоўкі і план па правядзенні гэтага мерапрыемства сфарміраваны такім чынам і пад такім уплывам расейскіх уладаў, што гэта з'яўляецца арганізаваным расейскім урадам мерапрыемствам. Гэта было фактычна дыктаванне Саветам Федэрацыі сваіх правілаў".
Паводле яго словаў, Маскоўскі Хельсінкскі камітэт уносіў свае прапановы па фарміраванні праграмы кангрэса і кола яго ўдзельнікаў, якія "не былі пачутыя". "Таму імі было прынятае рашэнне адмовіцца ад удзелу ў працы кангрэса. А мы гэтае рашэнне падтрымалі", — адзначыў А.Гулак.
У інтэрв'ю РІА Новости кіраўнік Маскоўскай Хельсінкскай групы Людміла Аляксеева адзначыла, што на першых двух кангрэсах, якія праходзілі ў Варшаве і Кіеве, арганізатарамі выступалі незалежныя грамадскія арганізацыі, якія вырашалі, каго запрасіць і якія пытанні будуць разглядацца. Паводле словаў Л.Аляксеевай, гэтым разам Савет Федэрацыі, які ўдзельнічае ў падрыхтоўцы цяперашняга кангрэса, запрасіў у асноўным прадстаўнікоў Грамадскай палаты і яе рэгіянальных структураў. Паводле яе словаў, ад удзелу ў мерапрыемстве, акрамя Маскоўскай Хельсінкскай групы, адмовіліся каля 50 арганізацыяў з Расеі, Украіны, Беларусі, Польшчы.