9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апазыцыянеру адмовілі ў пазове да старшыні ўчастковай камісіі

1

Былому апазыцыйнаму кандыдату ў дэпутаты ад Партыі БНФ Івана Шэге адмовілі ў пазове да старшыні й сакратара ўчастковай камісіі.

Сёньня ў Слонімскім судзе адбылося другое паседжаньне па пазове Івана Шэгі, былога кандыдата ў дэпутаты ад БНФ, да старшыні й сакратара ўчастковай выбарчай камісіі № 17.

Пасьля выбараў Іван Шэга разам зь сябрамі ініцыятыўнай групы апытаў выбарнікаў на гэтым участку, і высьветлілася, што за яго прагаласаваў не 21 выбарнік, як было запісана ў афіцыйным пратаколе, а ў некалькі разоў больш. Суду ён падаў 61 подпіс выбарнікаў, якія сьведчылі, што аддалі свой голас за яго.

На мінулым паседжаньні Іван Шэга хадайнічаў аб тым, каб гэтых людзей апыталі ў судзе. І вось сёньня судзьдзя не задаволіла гэтага хадайніцтва й адмовіла ў пазове.

“Спаслаліся на выбарчы кодэкс: маўляў, гэтых людзей нельга апытваць, бо ў нас існуе таямніца галасаваньня, хаця гэтая таямніца ўжо даўно была раскрытая”, -- паведаміў палітык для “Радыё Свабода”.

Не задаволеным засталося хадайніцтва й аб тым, каб у судзе былі дапытаныя старшыня й сакратар участковай выбарчай камісіі № 17. Дарэчы, сёньня яны зноў не зьявіліся ў суд, спаслаўшыся на занятасьць.

Дапыталі ў судзе толькі сябраў ініцыятыўнай групы Івана Шэгі. Сем чалавек па чарзе распавядалі амаль адно й тое ж: як яны абыходзілі людзей і бралі ў іх пісьмовыя пацьверджаньні, што тыя галасавалі за Івана Шэгу.

Іван Шэга кажа, што на гэтым ня спыніцца. “Яны як людзі бачаць, што я ў гэтай сытуацыі маю рацыю на 100%, але ў іх сытуацыя такая, што па-іншаму яны вынесьці рашэньне не маглі. Але я напісаў скаргу, буду падаваць у абласны суд і вярхоўны. Наагул, вырашыў ісьці да канца”, -- заявіў палітык.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках