Завод «Атлант» адпраўляецца на бясплатныя трохтыднёвыя вакацыі
15- 4.12.2008, 11:39
Вакацыі працягнуцца тры тыдні. І працаўнікі прадпрыемства вымушаныя будуць аплаціць іх самастойна.
Па словах супрацоўнікаў заводу, кіраўніцтва «Атланта» тлумачыць дадзеную сітуацыю фінансавым крызісам.
«Ужо абвясцілі, што мы будзем «гуляць» з 25 снежня і па 13 студзеня ўключна. Нас адпраўляюць на вакацыі без захавання заробку. Натуральна, усе абураныя -- бо наперадзе святы. Але нам сказалі, што гэта звязана з фінансавым крызісам, што ў такім становішчы сёння знаходзяцца амаль усе беларускія прадпрыемствы. Усе ведаюць, што наш завод сёння перажывае не самыя лепшыя часы - прадукцыя дрэнна раскупляецца. Працаўнікам нават сталі выдаваць пральныя машыны напракат -- усяго 20 тысяч на месяц. За машынамі ўжо чарга. Заводу гэта выгодна…», - распавялі «Беларускаму партызану» працаўнікі прадпрыемства.
Завод «Атлант» найбольш вядомы як вытворца папулярных халадзільнікаў і маразільнікаў. Як напісана на сайце прадпрыемства, ужо больш за 40 год яны сходзяць з канвеераў прадпрыемства.