Міліцыянты збіраліся правесці ператрус у кватэры праваабаронцы
2- 4.12.2008, 13:29
Праваабаронца з Баранавічаў Сяргей Гоўша паведаміў, што сёння, 4 снежня, да яго на кватэру з’явіўся міліцыянт з намерам зрабіць вобшук.
Шукаць ён збіраўся забароненую літаратуру, якую праваабаронца нібыта захоўвае ў сябе дома.
«Я сёння быў у горадзе. Мне патэлефанавала жонка і сказала, што хтосьці звоніць ў дамафон і кажа, што з міліцыі. Жонка адказала, што міліцыю мы не выклікалі, таму адчыняць не будзе», - паведаміў Сяргей Гоўша.
Далей жонка паведаміла праваабаронцу, што чалавек, які прадставіўся міліцыянтам, праз нейкі час усё ж зайшоў у пад’езд і размаўляў з суседкай па лесвічнай пляцоўцы. Пасля ён пазваніў у кватэру Гоўшаў. Жанчына адчыніла дзверы і сказала, што без мужа ў кватэру не пусціць. Па запатрабаванні міліцыянта яна прынесла свой пашпарт. Ён праверыў пашпарт і пайшоў, перадае праваабарончы цэнтар «Вясна».
«Я сустрэўся з супрацоўнікам міліцыі ля пад’езда і сказаў, што, мабыць, ён да мяне наведваўся. Гэта быў капітан Бахарэвіч Яўген Іванавіч, які паведаміў, што ў адсутнасць нашага ўчастковага намеснік начальніка міліцыі паслаў да мяне яго. Маўляў, з’явілася інфармацыя, што ў мяне на кватэры ёсць забароненая літаратура. Тады я запытаў, ці ёсць у яго дакумент на вобшук. Ніякай паперы ў яго не было», - распавёў праваабаронца.
Па словах спадара Гоўшы, візіт супрацоўніка міліцыі ён звязвае з намерам праваабаронцаў адзначаць 10 снежня 60-ыя ўгодкі прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.