Намесніка міністра эканомікі Тура адправяць у адстаўку?
1- 10.03.2008, 11:04
Пастановай савета міністраў ад 27 лютага 2008 года № 277 Анатоль Філонаў прызначаны намеснікам міністра эканомікі з 3 сакавіка 2008 года. Згоду на дадзенае прызначэнне Лукашэнка даў яшчэ 26 лютага. І ужо тады ўзнікла пытанне: замест каго прызначылі Філонава?
Пастанова Саўміна не дала на яго адказу, хоць у ім апроч прызначэнняў ёсць і адстаўкі. Так, знятыя з пасады намеснік міністра аховы здароўя – галоўны санітарны лекар Міхаіл Рымжа (яго крэсла заняла Валянціна Качан) і дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці камітэта па стандартызацыі (у рангу намесніка камітэта) Леў Дубавік – гэтую пасаду заняў з 3 сакавіка Леанід Шэнц, піша «Завтра твоей страны».
Усе гэтыя прызначэнні былі ўзгодненыя з Лукашэнкам тады ж, 26 лютага. Аднак пра адстаўку каго-небудзь з намаў міністра эканомікі ў пастанове нічога не гаворыцца.
Такім чынам, з 3 сакавіка ў Мікалая Зайчанкі шэсць намаў – першы нам, Пётр Жабко і проста намеснікі – Уладзімір Адашкевіч, Андрэй Тур, Таццяна Старчанка, Алег Мельнікаў і новы нам – Анатоль Філонаў.
Такой колькасці намаў няма сёння ў ніводнага з міністраў. Па пяці намаў (уключна першых) маюць толькі міністр унутраных спраў і міністр статыстыкі і аналізу. У большасці міністраў – па чатыры нама, у тым ліку, у МЗСе, Міністэрстве абароны, МНС, Мінфіне, Мінгандлі, Мінсельгасхарчы, Мінюсце. Па тры намеснікі ў міністраў энергетыкі, культуры, транспарту і камунікацый, інфармацыі, а ў міністра прыродных рэсурсаў і зусім толькі два.
Магчыма, вялікая колькасць намаў у міністра эканомікі сведчыць пра важнасць дадзенага кірунку для краіны на дадзеным этапе, аднак не выключана, што адстаўка аднаго з намеснікаў усё-ткі адбудзецца.
Сярод намаў міністра эканомікі Андрэй Тур з'яўляецца самым доўгапрацуючым – на гэтай пасадзе ён з 1995 года. Некаторыя эксперты пасля прызначэння Анатоля Філонава выказалі здагадку, што менавіта А. Тура могуць перавесці на іншую працу, тым больш што ён адказвае за прадпрымальніцтва, а апошнія страйкі індывідуальных прадпрымальнікаў відавочна выклікалі незадаволенасць улад.
Разам з тым, Анатоль Філонаў не меў дачынення да праблем малога прадпрымальніцтва ў мінулым, зрэшты, і раней яго прызначэнне не занадта ўвязвалі з яго папярэдняй дзейнасцю. Пастановай Саўміна ,якая ўжо згадвалася, Анатоль Філонаў зняты з пасады першага намесніка «Белдзяржхарчпраму», а калісьці быў першым намеснікам канцэрна «Белнафтахім».