9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лявон Баршчэўскі выпусціў «Еўраслоўнік» на 28 мовах

4

У менскім выдавецтве "Радиола-плюс" выйшаў "Еўраслоўнік" кандыдата філалагічных навук Лявона Баршчэўскага на 28 мовах.

Як паведаміў БелаПАН рэдактар слоўніка Уладзімір Сіўчыкаў, гэта 704-старонкавае даведкавае выданне на беларускай, лацінскай, ангельскай, баўгарскай, вугорскай, грэцкай, дацкай, ірландскай, ісландскай, гішпанскай, італьянскай, латышскай, літоўскай, мальтыйскай, нарвежскай, нідэрландскай, нямецкай, партугальскай, польскай, румынскай, славацкай, славенскай, фінскай, французскай, харвацкай, чэшскай, шведскай, эстонскай мовах, якое ўключае 100 тысяч адзінак перакладу.

У першую частку слоўніка ўвайшлі беларускія лексічныя адзінкі, перакладзеныя на лацінскі і 26 іншых еўрапейскіх моў, у другую – некаторыя лексічныя запазычанні і выклічнікі, у трэцюю – беларуска-лацінскі слоўнічак рэлігійных, біялагічных, медыцынскіх, хімічных і іншых тэрмінаў, а ў чацвёртую – некаторыя беларускія прыказкі, прымаўкі і выслоўі. У дадатак да выдання ўвайшлі колькасныя і парадкавыя лічэбнікі і скарыстаныя лексікаграфічныя крыніцы.

Рэдактар назваў слоўнік "выданнем унікальным не толькі ў айчыннай, але і ў сусветнай лексікаграфіі". "Гэта спроба наблізіць нашу мову да патэнцыйных чытачоў беларускіх тэкстаў у краінах Паўночнай, Цэнтральнай, Заходняй і Паўднёвай Еўропы, а беларускага карыстальніка ўвесці ў багаты свет еўрапейскіх моў. Выданне прызначанае найперш для чытання і разумення інфармацыйных, публіцыстычных, навукова-папулярных і мастацкіх тэкстаў, даступных у друкаваным выглядзе або ў інтэрнэце", – сказаў У.Сіўчыкаў.

Ён лічыць удалай назву выдання і вокладку кнігі з сімволікай Еўразвяза, якая выкананая ў блакітных і залатых колерах. У.Сіўчыкаў выказаў надзею на запатрабаванасць слоўніка сярод гуманітарыяў. "Акрамя таго, любы дасведчаны чытач убачыць у выданні палітычнай складальнік, бо Беларусь гэтым слоўнікам робіць крок у бок свайго будучага сяброўства ў Еўразвязе", – падкрэсліў У.Сіўчыкаў.

Неўзабаве ў сталіцы пройдзе шэраг прэзентацый слоўніка, які на гэтым тыдні будзе прадстаўлены Л.Баршчэўскім у структурах Еўразвяза.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках