Знайшоўся віноўнік смерці Сэнт-Экзюперы
2- 17.03.2008, 13:20
Былы лётчык нямецкай авіяцыі Люфтваффе 88-гадовы Хорст Рыпперт прызнаўся, што менавіта ён вінаваты ў смерці французскага пісьменніка Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, паведамляюць інфармагенцтвы.
Хорст Рыпперт распавёў, што 63 гады таму ён збіў самалёт, у якім знаходзіўся Сэнт-Экзюперы. "Калі б я ведаў, што гэта быў Экзюперы, я б ніколі не збіў яго, ніколі..." – заяўляе сёння былы пілот. Хорст Рыпперт цалкам пераканаўчы, калі гаворыць пра тое, што даведаўся, хто быў за штурвалам французскага самалёта, значна пазней.
Як вядома, 31 ліпеня 1944 года Антуан дэ Сэнт-Экзюперы, які служыў у ВПС Францыі, вылецеў з аэрадрома на Сардзініі ў выведвальны палёт курсам на Марсэль. Больш яго не бачылі.
Выказванні Рыпперта пацвярджаюцца звесткамі з шэрагу крыніц. Да прыкладу, запісамі радыёперахопаў перамоваў французскіх аэрадромаў, якія здзяйснялі нямецкія войскі.
У той самы час сцвярджэнні нямецкага пілота ўваходзяць у відавочную супярэчнасць з іншымі наяўнымі версіямі. У часопісах германскіх ВПС не было запісаў пра самалёт, збіты ў той дзень у мясцовасці, дзе знік "бацька" "Маленькага прынца". Знойдзеныя ў 2003 годзе на дне мора недалёка ад Марсэля абломкі яго самалёта не мелі відавочных слядоў абстрэлу. Гэтая акалічнасць спарадзіла цэлы шэраг здагадак і гіпотэз – у тым ліку пра няспраўнасць знішчальніка, на якім ляцеў Экзюперы, і нават пра магчымае самазабойства пісьменніка.
На момант смерці вялікаму гуманісту было 44 гады, ён перажыў некалькі аварый, мучыўся болем ад старых ран і пакутаваў ад дэпрэсій. Незадоўга да фатальнага дня Сэнт-Экзюперы ўвогуле забаранілі лётаць, але без палётаў ён не мог: адрэналін быў яго адзіным болесуцішальным.
Французскія даследнікі сцвярджаюць, што самалёт увайшоў у ваду на вялікай хуткасці і амаль вертыкальна. У момант сутыкнення з вадой адбыўся выбух. Абломкі машыны раскідала пад вадой на вялізнай прасторы. Даследнікі не знайшлі ніводнага фрагмента чалавечых парэшткаў. Адзіная рэч Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, ацалелая ў катастрофе, – срэбны бранзалет, на якім выгравіраванае імя пісьменніка, імя яго жонкі і нью-ёркскі адрас выдаўца, які выпусціў "Маленькага прынца".